Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 191

Павел Андреевич Мисько

Ланцуг замкнуўся… Тыя золаташукальнікі на возеры, доўгі Піт з кампаньёнам маюць дачыненне і да пячоры. Дэльфінаў Судзір таксама не так сабе навучаў: не басейн меркаваў чысціць, а каб маглі чэрпаць на дне мора ці тут, у пячоры, пароду, выносіць наверх. Усё рабілася па адным плане! Кампанія Піта атруціла і Малу, і дэльфінаў пакрала, запраторыла сюды. Злачынцы, самыя сапраўдныя злачынцы!.. Лагер на беразе мора, абгароджаны дошкамі, што колісь разглядаў з Амараю, таксама іхні. Можа, стаіць якраз над уваходам у пячору.

«А той балван-афіцэр уваліўся да Крафта: «Мы ўсё агледзелі ў лагеры Піта… Няма ў іх дэльфінаў, няма загародак у моры». Сказаў бы лепш, што і не спрабаваў шукаць… У самае гняздо іхняе трапіў… Ух, каб толькі выбрацца! Накрылі б тут усіх, як вераб'ёў начоўкамі…» Хацеў ужо боўтнуцца з пляцоўкі ў ваду, плысці як мага далей адсюль, каб дзе схавацца. Але развага ўзяла верх: «Зараз жа тут нікога няма. Бо наверсе глыбокая ноч. Спяць у лагеры ўсе». Толькі ў такі час Янг і можа плаваць беспакарана. А ўдзень — хавацца. Толькі дзе? Калі яны з'явяцца тут з электрычнымі ліхтарамі, то знойдуць ураз. Пад вадою ж доўга не выседзіш. «А чаму і не? Засвеціць, а я нырну… Адвядзе ўбок — вынырну… Не, лепш адразу шукаць выхад адсюль… Куды вядзе гэты провад?»

Янг павёў вачыма ад самага крука, убітага ў расколіну ў сцяне, на якім вісеў канец провада з лямпачкай, і да нізу. Провад і праўда знікаў пад вадою, а не лез каля паверхні ў прогіб, у цемру. Пастаяў каля провада ўгнуўшыся, спрабаваў нават пацягнуць за яго. Провад амаль не паддаваўся. Янг сеў зноў.

Выхад з пячоры пад вадою, туды провад вядзе. Нават у іх лагуне на Біргусе былі невялікія гроцікі сярод рыфаў. Зверху нічога не ўбачыш, а нырнеш і… «Цікава, ці глыбока размешчаны выхад з пячоры? І колькі трэба плысці пад вадою, каб выбрацца ў мора? І трэба ж будзе яшчэ час, каб падняцца на паверхню… О, каб на ўсё пайшло мінуты дзве-тры! Можна было б нырнуць адразу. Але ж там яшчэ павінна быць загародка ці сетка ад дэльфінаў. Калі ўдасца яе хутка ліквідаваць, то і дэльфіны змогуць выбрацца. Учапіцца за Дзіка і… Разы ў тры-чатыры хутчэй будзе…»

Ліхтар! Чорт ведае што аддаў бы за ліхтар! Без яго як без рук. А каб быў яшчэ і акваланг, то і зусім добра было б. Застаўся акваланг недзе ў возеры, а балоны запасныя каля возера.

«Што там цяпер Натача парабляе, Абдула? Перапужаў я іх сваім знікненнем… Рашылі, што загінуў… І я на іх месцы так бы падумаў…»

Крабы, убачыўшы, што іх больш ніхто не пужае, асмялелі, палезлі з вады на бераг, павыпаўзалі з ямак. Пад лямпачкай іх сабралася ўжо многа, нібы грэліся на сонцы.

«А што я рабіў бы на месцы Натачы? — прыкідваў Янг. — Аднаму некаму трэба дабірацца на Рай, сказаць пра ўсё Раджу. Бедны Радж!.. Бедная Натача!.. Як ёй перажыць усё гэта, як расказаць Раджу?» — Неяк само падумалася, што дабірацца да Раджа будзе Натача. Яна больш смелая і рашучая і плавае добра.