Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 188
Павел Андреевич Мисько
Прыпомніў, як даплыў з Бобі да гэтага выступу з пляцоўкай, як узлазіў на яе. Цяпер ён сядзіць спінаю да таго выступу, аб які стукнуўся. Значыць, калі ўстаць і павярнуцца да яго тварам, а потым паціху, учаперыўшыся, схіліцца ўправа, то можна зазірнуць у грот-храм з дзіркаю ў купале, адтуль ён плыў, там крыху святлей. Янг і прарабіў усё гэта вельмі асцярожна, прывучаў ужо сябе да асцярожнасці і абачлівасці, прывучаў арыентавацца ў цемры. Схіліўся — і нічога не ўбачыў: чарната, толькі сям-там плямамі шарэе вада, часам па ёй прабягаюць ледзь заўважныя фасфарычныя палоскі. Мусіць, ноч ужо, глыбокая ноч. Ен жа не ведае, колькі праспаў.
А мо і не трэба сачыць за часам? Якое гэта мае значэнне, калі цёмна ды цёмна!
«Ты дзе, Бобі? Плыві сюды!» — прасвістаў умоўны сігнал. І падумаў, што не пачуе яго малыш. Шуміць безупынку вадаспад, хоць І не так звонка, як раней: прыліў глушыць, вада паднялася ў пячоры.
Але прайшло мо якія хвіліны дзве, як каля Янгавых ног пачуліся «Пху-уф…» і кароткі скрып. Схіліўся да вады і намацаў мордачку Бобі. Той даўся палашчыць і тут жа ссунуўся ў ваду, знік з-пад рукі.
— Ты куды, дурненькі? — не вытрываў і пачаў свістаць зноў.
Прапаў Бобі, як І не было. «Пакрыўдзіўся… Рыбкі не даю… А дзе ж яе ўзяць, тую рыбку? Можа, і ёсць у гэтай пячоры рыба, то хай сам ловіць… І я дзякуй сказаў бы, каб хто рыбкаю пачаставаў, ды яшчэ смажанаю…» — у Янга набегла поўны рот сліны, заныла ў жываце. Толькі цяпер адчуў страшэнны голад.
Зноў пачуў «Ф-фу-ух!» блізка каля сябе і нейкае ласкавае, нібы кашэчае мармытанне. Нагнуўся ў той бок, працягнуў руку. І адразу намацаў галаву дэльфіна. Малая галава, Бобі, значыць… «Ну й хуліган малы…» Правёў рукою да рострума, хацеў ухапіць за верхнюю сківіцу, павадзіць у бакі. А рука намацала штосьці цвёрдае, шырокае.
— Што ў цябе? Давай, давай… Ну, пускай жа! — Янг і другою рукою патузаў.— Ласт?! Дальбог, ласт… Ну й Бобі, ну й малыш! Каб ты ведаў, які ты малайчына! — пяшчотна пагладзіў яго, павадзіў за нос. — А другі дзе? Можа, і другі знойдзеш? Шукай, братка, шукай!
Мармытнуў штосьці Бобі, а зразумеў ці не? Мабыць, не, бо не ссоўваўся ў ваду, ляжаў і чмыхаў дыхалам, песціўся пад Янгавай рукою. Янг папхнуў яго ў рострум, ссоўваючы: «Плыві, плыві! Шукай!»
Не бачыў, паплыў ці не паплыў. Здалося толькі, што ўздыхі і ўсплёскі наўкол пачасціліся. Многа ўздыхаў! Падплылі сюды, мабыць, усе дэльфіны.