Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 90
Николай Михайлович Водоносов
Спярша хлопцы не звярнулі асаблівай увагі ні на рэпрадукцыю, ні на такі дзіўны і незразумелы надпіс: іх цалкам захапіла кніга, дзе было роўна сорак гравюр. І кожная здзіўляла сваёй выразнасцю кампазіцыі, яркасцю малюнка, на іх можна было глядзець доўга, глядзець і адкрываць для сябе ўсё новыя і новыя грані таленту вялікага мастака, здзіўляцца яго ўменню перадаць праз вобразы радасць, боль і гнеў — таямнічасць біблейскага побыту…
І калі ўжо была закрыта тоўстая скураная вокладка кнігі, Алесь раптам, быццам што ўспомніўшы, сказаў:
— Давай паглядзім яшчэ тую карцінку! — Узяў яе у рукі, доўга ўглядаўся ў тэкст і паціскаў плячамі.— Што за глупства — «сцеражы і зберажы маё крэўнае…»
— Чаму — глупства? Тут ёсць пэўны сэнс, каб гэтая Марыя сцерагла кнігу, бо яна каштоўная. Я так думаю…
— А — «мае мары і надзею»?
— Той, хто гэта пісаў, на нешта спадзяваўся.
— А ці не Гурэцкі гэта пісаў?
— Можа, і ён.
— Стой! — раптам схапіў за руку Міколу Алесь, быццам той збіраўся некуды збегчы ад яго. — Ты не падумаў, чаму іменна гэтая карціна ляжыць тут, у кнізе? І ці не сцеражэ што-небудзь тая Марыя ў пакоі? Між імі існуе нейкая сувязь…
— Усё марыш яшчэ адзін скарб знайсці? — усміхнуўся Мікола. — Шукай…
— А чаму б і не? У гэтых паноў вунь колькі золата было. Маглі ж яны яшчэ дзе-небудзь прыхаваць.
— Тады трэба ўздзіраць дошкі за карцінай, — параіў яму Мікола, параіў жартам, а потым задумаўся і дадаў: — Пайшлі?
— Пайшлі… Я толькі вазьму табурэтку, а то высака, не дастанем…
Святая Марыя, як здалося хлопцам, цяпер глядзела на іх не так весела, як у першы раз, а з нейкім дакорам, але яны не дужа сумеліся ад такога яе пагляду, падставілі грубаватую і шырокую табурэтку, залезлі на яе абодва. Асцярожна — карціна была цяжкая — знялі ланцужок-почапку з меднага крука, прыбітага да сцяны двума цвікамі.
На выцвілых зеленаватых, з залацістымі макамі шпалерах ярка вызначыўся квадрат: за карцінай шпалеры не так выцвілі. Хлопцы глядзелі на той квадрат і не ведалі, што рабіць далей.
— Давай здзяром шпалеры, — сказаў Алесь, дастаў з кішэні абломак нажа, які спецыяльна прыхапіў, і выразаў квадрат. Мікола дапамог яму адарваць той квадрат. Пад шпалерамі ім адкрыўся крыху меншы квадрат, пафарбаваны ў руды колер. Гэта была звычайная фанера, прыбітая па вуглах да сцяны цвікамі.
І калі спачатку хлопцы яшчэ ні ў што не верылі, то цяпер яны не паверылі сваім вачам: сумненняў быць не магло — перад імі адкрыўся тайнік.
— Вось гэта цуд! — усклікнуў Алесь, і вочы яго загарэліся. — Будзем уздзіраць?
— А можа, пра гэта трэба сказаць Тупіку?
— Ён жа абяцаў сёння прыехаць, нам нейкія падарункі прывезці — вось і скажам! Прынясі мне сякеру…
Мікола зайшоў у камору, дзе яны пакінулі сякеру, узяў яе і прынёс Алесю, які ўсё яшчэ стаяў на табурэтцы.
— Ты толькі акуратна, — папрасіў ён сябра.
— Тут бы долата, — мацаючы край фанеры, сказаў Алесь, — сякерай не падлезеш, лязо таўставатае.
Долата ў іх не было, і таму хлопцы добра-ткі папацелі, пакуль узадралі тую фанеру, пры гэтым абламаўшы ражкі…