Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 88
Николай Михайлович Водоносов
А камары, якія, відаць, загадзя зляцеліся пад елку, цяпер не давалі спакою, выпорвалі іх з-пад елкі, з нейкай лютай зацятасцю джалілі іх, сляпіцаю лезлі ў вушы, нос, вочы…
Прамоклыя да ніткі, яны ўсё ж стаялі пад ялінай, услухоўваючыся ў раўнамерны пошум дажджу, які абрынуўся на іх так раптоўна, так нечакана. Было ж зусім яснае неба, з белымі хмурынкамі…
«Гэта — жыццё, — неяк сама па сабе прыйшла да Міколы думка. — Так бывае і ў жыцці — не заўсёды яснае неба над галавою. Надараюцца і хмарныя дні, і рознае іншае ліхалецце… Усяго яшчэ будзе і ў нас… І яго, жыццё, трэба прымаць такім, якое яно ёсць, якім будзе. І мы пройдзем яго разам, Анюта, які б лёс нас ні напаткаў…»
Такая думка і здзівіла яго і абрадавала: ён ужо думае і пра яе! І Мікола рашуча ўзяў Анюту за руку. І яна не адхіліла яе, а таксама паціху сціснула яго цёплую далонь, зазірнула ў вочы, бы чытаючы яго думкі…
Яны маўчалі. І ў гэтым маўчанні быў для іх вялікі сэнс жыцця, яго таямнічасць, яго першае адкрыццё. Яны быццам зліліся з самой прыродай, сталі часцінкай яе, растварыліся ў ёй, яшчэ не пазнаўшы ўсіх яе таямніц, але ўжо адчуваючы яе вечны жыватворны подых…
Дні праз тры, гуляючы каля ракі, хлопцы ўбачылі звычайную дашчаную лодку, пафарбаваную ў зялёны колер. Яна плыла, высока ўзняўшы востры нос, роўненька пасярод ракі, быццам хто ёй кіраваў.
— Глядзі, які Ноеў каўчэг да нас плыве! — усклікнуў Алесь і кінуўся лодцы наперарэз, ускочыўшы ў ваду па пуза. Ён прыцёг лодку да берага і дадаў: — Шкада толькі, што на самай карме кавалак дошкі адламаны, а дно цэленькае…
— Адрамантуем! — зірнуў на лёгкую і зграбную лодку Мікола. — І паплывём аж да вялікай ракі!
— І на азёры, — сказаў Алесь, выкручваючы штаны.
— На ёй можна будзе і на азёры.
Яны так захапіліся сваёй знаходкай, што адразу ж пабеглі на хутар шукаць патрэбную дошку. Па дарозе Алесь сказаў:
— Тая каморка, што каля другіх дзвярэй, усярэдзіне абшалявана якраз такімі зялёнымі дошкамі…
— Шкада ж адрываць…
— Усё роўна хутка будуць бурыць гэтыя хутары.
Яны зайшлі ў камору і спярша ўсё дзелавіта агледзелі. Гонты і праўда былі гладкія, нешырокія, як і трэба.
— Нясі сякеру, — сказаў Алесь, — вось тут чатыры дошкі карацейшыя, якраз падыдуць…
Праз адчыненыя дзверы ў камору цадзілася даволі яркае святло, і Алесь, пакуль Мікола хадзіў за сякерай, упершыню так уважліва агледзеў яе. На шматлікіх паліцах збоку стаялі запыленыя парожнія пляшкі з колісь яркімі наклейкамі, нейкія гліняныя і фарфоравыя гладышы і місы, але такія пабітыя, вышчарбленыя, што карыстацца імі было нельга.
«Багата жылі гэтыя Гурэцкія, мусіць, смачна пілі і елі», — сам сабе падумаў Алесь і пагрукаў кулаком у тую дошку, якую меліся адрываць. Гук быў глухі, як у парожнюю бочку.