Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 82

Николай Михайлович Водоносов

— Пайшлі, пакуль ціха… З богам! — Ён перажагнаўся па-каталіцку і рушыў за хату, дзе ляжаў сівы, як дзед, парослы мохам валун.

«Здагадка была правільная, мабыць, скарб пад валуном», — сам сабе падумаў і тут жа здзівіўся Ігнат, бо Зыгмусь і праўда спыніўся каля валуна.

— Ву-унь, у гародзе, дзве рыдлёўкі, я іх даўно прыкмеціў,— паказаў на рыдлёўкі Зыгмусь, — прынясіце іх.

Рыдлёўкі прынёс стары Смоль. Па яго змрочным засяроджаным твары нельга было здагадацца, што робіцца ў гэтага чалавека на душы. А на душы ў яго было неспакойна. Дамоўленасць з Крывым Панасам прыкончыць Зыгмуся, калі той сапраўды знойдзе скарб, гняла яго, трывожыла, хоць ведаў, што Ігнат таксама не супраць кокнуць Зыгмуся, сам жа Крывому намякаў. Але ж хто ведае, што наўме гэтага скрытнага чалавека, а раптам ды ён сам задумаў што благое? Ён глядзеў на Ігната з недаверам, злаваў, што той жартуе, бадзёрыцца, быццам яны тут сабраліся на якія гулі.

— Капайце пад камень, — паказаў Зыгмусь на месца, дзе камень як бы нахіліўся, навіс над зямлёю. — Можна толькі ў яму кульнуць яго, а з месца не скранеш…

Рыдлёўкі адразу запрацавалі спорна. Капалі Ігнат і Ваўчок. Зыгмусь усё паходжваў наўкола, часта азіраўся то на хмызняк, то ў бок млына, быў як бы на варце. А з яго ўжо не зводзілі воч Панас і Смоль, у якога таксама меўся самапал, набіты сечаным дротам. Гэты злачынны клубок паўзучых гадаў, гатовых у любы момант кінуцца адзін на аднаго і ўджаліць смяротна, насцярожыўся.

— Ганіце коней, — убачыўшы, што яміна ўжо даволі глыбокая, загадаў Зыгмусь, і Крывы пайшоў у сад па коней.

Іх упрэглі ў тоўстую палянячыну, якую знайшлі пад хатай, завязаўшы пастронкі, як на стальвагі, закінулі палянячыну за камень з другога боку яміны. Пастронкі былі малыя, і сярэдні конь заднімі нагамі стаяў у яміне, тузаўся, клаўся на пярэднія ногі — яму было няёмка стаяць.

— Так не пойдзе! — убачыўшы гэта, сказаў Ігнат. — Так мы яму ногі паломім. — Твой татка, Зыгмусь, пэўна, шасцёра запрагаў?

— Можа, і больш, — буркнуў той.

Каня адпрэглі ад палянячыны і паспрабавалі звярнуць валун двума коньмі, але, як ні сцёбалі іх дубцом, тыя толькі тузаліся на месцы, нават не скрануўшы камень.

— Трэба падважыць з другога боку, — унёс прапанову стары Смоль, і ўсе адразу пагадзіліся, нават здзівіўшыся, чаму гэта яны не здагадаліся зрабіць раней.

Каб падважыць, патрэбна тоўстая жардзіна. Тоўстыя і сухія, як косць, жэрдкі былі ў аборы на гарышчы, і туды накіраваўся адзін Ігнат.

Тым часам Зыгмусь адвязаў у садзе карову і той вяроўчынай надтачыў пастронкі карэннага каня.

Адчуўшы волю і баючыся чужых людзей, карова адразу рванула з саду, толькі яе і бачылі. Няйначай, пабегла ў калгасны авёс.

Хуткай працы, як меркавалі, не атрымалася. Пакуль падкопвалі з другога боку, каб падсунуць жэрдку, пакуль уладкавалі як след коней, прайшло з гадзіну часу. Зусім непрыкметна з-за лесу наплыла чорная хмарына, і раптоўна, як хто сыпануў на вялізную бляху каменне, грымнуў працяглы грукатлівы гром, аглушыўшы наваколле.