Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 77

Николай Михайлович Водоносов

Стрэмкі

Зыгмуся і Смоляў ні ў капліцы, ні ў Мокрым Лозе не было, і Ігнат ламаў галаву — дзе яшчэ яны маглі хавацца? Змораны ад хуткай хады, ён спусціўся на самае дно Лога і прыпаў да крыніцы. Не зрабіў і трох глыткоў, як хтосьці цяжкім ботам ступіў яму на спіну.

— Не рухацца! — загадаў незнаёмы хрыплы голас.

Ігнат не рухаўся. Абапершыся далонямі на прахалодную муражыну, ён ліхаманкава думаў — хто б гэта мог быць? Каб даведацца, трэба зірнуць. Або пазнаць па голасу. А каб пазнаць па голасу, трэба гаварыць.

— Чаму гэта не рухацца? Калі ж мне так няёмка, рукі баляць, сярэдзіна трымціць…

— Рэнцы можна да гуры!

«Рэнцы… Да гуры… Зыгмусь. Так змяніў голас, халера, што не пазнаць».

Ігнат паволі падняўся, павярнуўся тварам да Зыгмуся:

— Тваё шчасце, што я цябе пазнаў адразу, — зманіў ён, — а то кулю то ўжо схапіў бы… — І ён паказаў руку з браўнінгам, бы прывязаным да далоні.— Калі я хаджу па такіх мясцінах, то зброя заўсёды напагатове, я мог стрэліць і не ўстаючы, на твой голас…

— Няўжо?

— Як плюнуць…

Зыгмусь дробненька засмяяўся:

— А мяне ты ўсё ж не ўбачыў, хоць прайшоў зусім блізка. От скажы, дзе я стаяў?

— За ядлоўцавым кустом, — кінуўшы вачамі наўкола, наўгад прамовіў Ігнат.

— Угадаў.

— Я многае ўгадваю. Толькі от ніяк не магу здагадацца, нашто сёння Адам каня з канюшні звёў.— Ігнат загаварыў суха, з папрокам у голасе. — Конюх нарабіў такога вэрхалу, што гэта можа нам дорага каштаваць.

— Пся крэў! — вылаяўся Зыгмусь. — Яму ж было загадана ісці цішком, у вёску не заходзіць.

«Загадана ісці… А куды? Значыць, нешта яны зноў надумалі. Трэба дазнацца як найхутчэй».

— Куды яшчэ яго паслалі? — спытаў ён абыякава, быццам гэта яго не дужа цікавіла.

— Стары ўсё мудруе. На сувязь паслаў да свайго знаёмага, недзе пад Халопенічы… І сам туды хоча збегчы.

— Там хапае і без яго, ёсць каму магазіны чысціць.

— Хай і ён збегае.

«Вось табе, Ігнаце, і новае заданне», — сам сабе падумаў Ігнат, а ўголас сказаў:

— Збяжыць з такім сыночкам. Ды ён жа сваёй рызыкай на след навядзе! Няўжо старому гэта не ясна?

— Хто ж думаў, што Адам так зробіць. Пехатой ісці паленаваўся…

— А дзе стары?

— На млыне дрыхне. Яны там з Крывым гарэлкі насмакталіся. Навошта ты толькі яе і прынёс.

— Прасілі ж, не мая, а дзяржаўная, — ухмыльнуўся ён.

— І шмат яе там, у Ваўчка, схавана?

— Ёсць.

Яны паволі ішлі ўздоўж ручая, мірна гутарылі, хоць у Ігнатавай душы бушавала бура. Да арышту хаўруснікаў заставаўся яшчэ дзень, а яны ўжо, бач, прымаюць новыя захады, разбягаюцца. А можа, гэта і добра, што Адам на сувязь паехаў? Ад яго нітачка пацягнецца і да тых, хто хаваецца і ў Халопеніцкім раёне, хто і там рабуе магазіны, рэжа калгасную жывёлу?

— Пойдзем да млына, — раптам прапанаваў Зыгмусь. — Трэба разам падумаць. Можа, на час перабрацца і нам да Крывога ў Галае балота? Там спакайней.

— Толькі не туды! — запярэчыў Ігнат.

— Чаму ж?

— На тое балота і так вялікае падазрэнне.