Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 68
Николай Михайлович Водоносов
У Мокрым Лозе ўжо было цёмна, як у яме, і ледзь улоўныя постаці людзей здаваліся прывідамі, начнымі прывідамі. Разыходзіліся нявесела. «Быццам у апошні раз», — падумаў Ігнат, рады таму, што нарэшце ён даведаецца, дзе схавана дабро абрабаванай крамы, і, такім чынам, выканае першую частку задання. Астатняе будзе вядома ў суботу: гэта дзень, на які дамовіліся адкапаць скарб, той скарб, дзеля якога і задумана ў раённым аддзеле міліцыі ўся гэтая «гульня ў банду», як казаў Тупік. Ігнат ведаў, што ён зараз недзе тут паблізу, каб у выпадку чаго прыйсці на дапамогу.
— Я прыйду пад раніцу, — паабяцаў Ігнат Зыгмусю. — Тое-сёе прынясу, толькі вы ўдзень нікуды не высоўвайцеся, а то цяпера людзі насцярожыліся…
— Ну, то пайшлі,— сказаў Іван. — Пакуль мае спяць, возьмем тое-сёе, а то я ім не паказваю сваю схованку… У мяне парадак жалезны.
«Парушым мы твой парадак, куркуль! Усё выведаем!» — думалася Ігнату…
Дні цягнуліся марудна, аднастайна. Хлопцам Тупік не дазволіў нават адыходзіцца лавіць рыбу, і яны большую частку дня чыталі, седзячы на вялізным і плоскім зверху валуне, нагрэтым сонцам так, што, здавалася, ліні на яго — зашыпіць. Стары, месцамі патрэсканы знізу, парослы цёмна-зялёным аксамітам-машком валун той быў адразу за хатай каля тоўстай ліпы ад сонечнага боку. Апроч усяго, тут было зацішна.
Памагалі хлопцы і па гаспадарцы, якая пакрысе большала. Мірон прынёс з калгаса ў мяху двух рыжых, у чорныя плямы, парасятак і сказаў, што гэта выдзелілі ім — яму, Мірону, за ўдарную працу, а Мар'і — як дапамога салдацкай удаве.
Алесь і Мікола цэлы дзень збівалі з дошак, якіх багата было каля аборы, хляўчук для парасят. І зладзілі нішто сабе, нават з шыкоўнымі разнымі дзверцамі, якія адарвалі ад даўнейшай паламанай шафы, што без патрэбы стаяла ў кутку сянец параднага ўвахода. Хляўчук той прыляпілі да глухой сцяны хаты, але парасячы віскат усё роўна быў чутны і ў хаце. Яны былі дужа пражэрлівыя, тыя «дзічкі», як ахрысціла рабенькіх парасят Міроніха, на іх ішло шмат малака, бо асабліва карміць не было чым. Муку, якая яшчэ крыху вялася, пакідалі сабе на зацірку ды на які праснак. Хлопцам быў яшчэ адзін занятак: яны рвалі на градах і каля платоў лебяду і крапіву. Усё гэта потым гатавалася ў печы і, прысіўленае малаком, ішло парасятам, якія ад травы сталі толькі пузатыя, а не тлустыя. І праз якую гадзіну зноў прасілі есці…
— Не мела баба клопату — купіла палася, — услухоўваючыся ў той віскат, гаварыў малы Пеця, гаварыў пачутае ад маці, але з такім выглядам, быццам усё гэта ён прыдумаў сам. Ён круціўся каля хлопцаў, умешваўся ў размову, дражніўся і толькі злаваў іх, але яны трывалі, зважаючы малому яго шал.
Цяпер яны сядзелі на валуне і не чыталі, а толькі размаўлялі. І гаворка тая ўсё круцілася на месцы, не магла вырвацца за кола аднае тэмы — ці хутка паловяць бандытаў, каб можна было ісці куды хочаш, нікога не баючыся.
— Тупік казаў — яшчэ дзень-два давядзецца пачакаць, — сказаў Мікола, здымаючы кашулю і падстаўляючы і так ужо смуглявую спіну сонцу.