Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 67
Николай Михайлович Водоносов
— Усіх у калгас накірую, на сена… Цяпера пастанова такая ё — усіх на сена.
— Гэта ўжо няблага! Застаюцца — коні…
— Коней, гэна самае, дастану я. Паняў? На мне коні,— сказаў Крывы Панас, які да гэтага часу моўчкі назіраў ды слухаў. Яго бледны, амаль бязносы твар у прыцемку нагадваў чэрап на шырачэзных скасабочаных плячах, чэрап з цёмнымі вачніцамі…
— А мне што рабіць? — выпнуўся наперад Адам. — Думаеце, калі малады, дык ні на што і не здатны? У мяне сельсавецкая пячатка, я магу які дакуменцік напісаць…
— Уваткні сваю пячатку, ведаеш куды? — сыкнуў на яго бацька. — Яна цяпер недзяйсцвіцельная.
— Дык я магу табун коней з лугу прыгнаць…
— А вупраж? Можаш ты дастаць вупраж? — спытаў у яго Крывы Панас. — Не можаш…
— І вупраж магу! На канюшні хамуты з пастронкамі вісяць, прыціснуў конюха — і бяры сабе, што хочаш…
— Я от цябе прыцісну! — памахаў на яго кулаком бацька. — Душагуб няшчасны, у каго ён толькі пайшоў — усіх яму душыць бы, страляць…
— Малады, што дурны, — у роздуме сказаў Ігнат. — Тое не ведае, што і самога могуць злавіць, як зайца ў сілок, ды шлёпнуць… Цяпера, пасля Зыгмусевай пагоні, як вы збеглі з вёскі, Тупік вушы не развесіць… Баюся, што ўжо сабе падмогу запрасіў.
— А ты не бойся, разведай лепш, — паказаў на яго пальцам Зыгмусь. — Адзін ты ў нас пакуль яшчэ чысценькі…
— Чаму — яшчэ? — пакрыўдзіўся Ігнат. — Я не думаю, каб хто заклаў мяне, — і зірнуў на Івана Ваўчка. — От ён, Воўк, таксама яшчэ не забруджаны. Ды і Панас…
Ваўчок, здавалася, страціў усялякую цікавасць да «маленькай банды», бо не атрымаў тое, на што разлічваў. Слухаў, больш маўчаў, цвёрда вырашыўшы пакуль абрэза не аддаваць. І калі ўсё было перагаворана і ўзгоднена, падышоў да Зыгмуся, нахіліўся да вуха і зашаптаў:
— Тады, васпане, і атрымаеш зброю, як сваю справу зробіш, а покуль — да пабачэння…
Нічога не адказаў Зыгмусь, толькі зубамі скрыгануў ад злосці. Ён загадаў Ігнату, каб падкінулі больш харчу, бо ўжо іх стала трое, а ў вёскі ісці ім зараз вунь як небяспечна, трэба пакуль стаіцца.
Ігната ж цікавіла больш за ўсё абрабаваная крама, тое дабро, якое хавалі Смольскія ў Ваўчка, і ён сказаў:
— Хай Ваўчок пашукае ў сябе дома таго харчу, які недзе хавае.
— У мяне ніякага харчу няма! — выгукнуў Ваўчок, намерыўся быў пайсці, але затрымаўся, спадылба зыркаючы на Ігната злоснымі вачамі.
— А ты пазыч… у Смоля!
— Там ёсць толькі кансервы, — сказаў за Івана стары Смольскі.— І то — нямнога…
— Гэта ўжо нешта! — падхапіў Ігнат. — Да хлеба неблагі дадатак. Вось няхай ён і дасць мне колькі бляшанак, я ўжо не палянуюся, прыцягну ў капліцу.
— Туды нельга! — запярэчыў Зыгмусь. — Патрывожыў я той вулей, яшчэ ўліпнеш. Лепей сюды.
— Дай, Іван… і цукру дай, — дазволіў стары. — Калі ў нас такое дзела заварылася, няма чаго дробязі шкадаваць, сабе ж бяром, не каму-небудзь…
— Мне — што? Не маё яно, я толькі вартаўнік, але ж… калі ў мяне тое знойдуць, то паспрабуй дакажы, што не тваё… Хадзем хоць зараз, усё магу аддаць…
— Можна і зараз. У Ігната ногі доўгія, ён усюды за дзень дапне ды яшчэ і начы прыхопіць… — як паскардзіўся Ігнат.