Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 66
Николай Михайлович Водоносов
— Ну, вось мы і разам! — весела ўсклікнуў Зыгмусь, зыркаючы кожнаму ў вочы. — Пяцёра… А яшчэ ж павінен прыйсці Іван! З ім — шасцёра. Гэта ўжо, грамадзяне суддзі, маленькая банда, гы-гы-гы, — задаволены жартам, зарагатаў ён.
— Івана ў сваю банду не залічвай! — пачулася на высокіх нотах угары. Усе глянулі туды і ўбачылі Ваўчка, насупленага, злоснага, няйначай, ад таго, што пачуў. Ён сышоў уніз і абвёў усіх варожым позіркам. — Я вас не ведаю, і вы мяне тут не бачылі. Толькі так! А інакш…
— Што — інакш? — нечакана схапіў яго загрудкі Ігнат. — Данясеш? Чужое дабро прысвоіш? Гэтак ты мне казаў?
— Ну-ну, асцярожней! — пачаў вырывацца Ваўчок. — А то мая пушка выпадкова смальне…
Ён адхінуў левае крысо шарачковай курткі, і ўсе ўбачылі там абрэз.
Зыгмусь, як прыкмеціў такое, бы прыкіпеў вачыма да той цацы, аж пацягнуўся да яе рукамі.
— Дай, Іване, азалачу.
Толькі хітры Іван, падражніўшы «цацкай», захінуў крысо. Сказаў спакойна, але цвёрда:
— От як азалоціш — тады і возьмеш.
Яны былі быццам спакойныя, жартавалі, але гэта быў клубок змей. Яны гатовы былі ўчапіцца ў глотку адзін аднаму ў любы момант, хай толькі той момант настане…
— Хопіць вам таргавацца, не на базар прыйшлі,— стаў між імі Ігнат. — Цяпера перш за ўсё дзела пагаворым, нам трэба цяпера сваю платформу выпрацаваць, статут, значыцца…
— Цяпера… Цяцера… Ніякага статута не будзе! — махнуў доўгай рукою Зыгмусь, адышоўся і сеў на нейкі счарнелы, бы памазаны дзёгцем, камень, што напалову вытыркаўся з пагорка. Усе таксама паселі — хто дзе.
— Гавары, — кінуў праніклівы позірк на Зыгмуся Ігнат. — Якія твае планы? Ці, можа, пабяжыш з абрэзам дзяўчыну пераймаць? Як сёння з фінкаю, га? От раскажы ўсім, як ты за Тупікавай нявестай гнаўся…
— За Тупікавай? Бег? Гэта ж самагубства! — абурыўся стары Смоль-Смольскі. Яго твар, было яшчэ бачна, аж пабарвавеў ад абурэння.
— От пагаварыце мне яшчэ, і мы пойдзем толькі з Іванам, і скарб — на двух! Хоць там… на ўсіх хопіць, на сто чалавек, можа… Бяры, едзь у любы горад і жыві сабе там панам! — разышоўся Зыгмусь.
— Вось з гэтага і пачнём! — ажывіўся Іван. — Гэта — самае галоўнае, а то адны толькі абяцанкі. Я дык за гэтую дубальтоўку, ведаеш, колькі ўпёк! А яшчэ дадай сюды рызыку, якая на пяць год зняволення цягне…
— Добра! — устаў Зыгмусь. — Бачу, што час наспеў, пара і за справу брацца. Хто яшчэ сумняваецца, што скарб ёсць, хутка ўпэўніцца. Ён ёсць, толькі ўзяць яго не так лёгка і проста. Інакш, я б не цягнуў…
— Чаму ж? — устаў і падышоў да яго Ваўчок.
— Сіла патрэбна, трое спрэжаных коней, вяроўка. І яшчэ… — Зыгмусь акінуў позіркам усіх па чарзе, як бы мяркуючы, ці гаварыць далей, потым махнуў рукою, бы адсек, адважыўся: — Яшчэ трэба, каб на маім хутары тады нікога не было… Ні душы.
— Гэта я бяру на сябе, — сказаў Ігнат. — Уладжу…
— Як жа? — зірнуў на яго Зыгмусь.