Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 65
Николай Михайлович Водоносов
— Дык за гэта забіваць?
— А можа, я і не забіў бы, — зазірнуў знізу ўгору Зыгмусь, вышчарыўшы рудыя рэдкія зубы. — Сам бы, можа, на ёй ажаніўся. У каплічцы нашай павянчаліся б… Гы-гы-гы!
— От цяпер мне трэба і падумаць…
— Што?
— Ці звязвацца з такімі хлапчукамі.
— Я не хлапчук табе! — зноў звёў чорныя бровы Зыгмусь. — Усё роўна адпомшчу, не забыў яшчэ, як той Тупік тату рукі круціў ды рэвальверам пад нос тыцкаў!
— Бо твой татачка тады хацеў кокнуць Тупіка з абразанкі, ды прамахнуўся…
— Нешта ты яго шкадаваць пачаў,— падазрона зірнуў на Ігната Зыгмусь. — Ці не знюхаліся, можа? Адам, пісар, казаў, што ты часцяком да Тупіка хадзіў… га? Ці праўда?
— Каб усё ведаць пра свайго ворага, трэба сачыць за кожным яго крокам, чуць, што ён гаворыць, бачыць нават, што ён есць, — адказаў на гэта Ігнат.
— А-а, хіба так…
«Іменна — так, — насмешліва падумаў Ігнат. — Іменна таму я і з табою, боўдзіла!»
Яны паглыбіліся ў лес, які ўсё гусцеў і гусцеў, бо сцяга павяла ў нізіну, дзе раслі толькі кашлатыя елкі, асіны ды старое кустоўе ляшчынніку. Месцамі яно так пераплялося, што даводзілася абыходзіць, даваць ладнага кругаля, пакуль зноў выб'ешся на сцежку, якую, відаць, пратапталі ласі.
— Усе ўжо, напэўна, там, — пачаў гаворку Ігнат, каб праверыць Зыгмуся, ці за ўсімі ён так цікуе, як цікаваў за ім.
— Не, Ваўчок яшчэ не прыйшоў… Яго я і пільнаваў.
— Пераняць хацеў ды… адабраць абразанку?
— Угадаў… Дужа ж патрэбен мне цяпер абрэз! Болей, чым вы ўсе разам узятыя.
— А ў тых Смоляў ці ёсць якая зброя?
— А-а, нейкі самапал, пораху насып, сечаных цвікоў набі, пыж заканапаць… А той порах у іх адсыраў… Смех, а не аружжа. Нажы яшчэ ёсць. А для банды прыдатныя! Закончаныя бандыты! Ха-ха-ха…
— А што ты думаеш пра Ваўчка?
— Думаю, як пра часовага, сезоннага работніка. Адробіць сваё — і пайшоў вон, быдла!
— Ён жа цяпер узброены. Ды і планы ў яго вунь якія далёкія. У Ваўчка вырваць абрэз, што ў ваўка — костку з зубоў,— сказаў Ігнат. — Я сам спрабаваў — ні блізка!
— Мне адда-а-асць…
«Хвігу з маслам аддасць, пакуль золата перад вачамі не блісне», — падумаў Ігнат. Яшчэ яму падумалася, што гэтая маленькая зграя зусім не ўзброена і браць яе будзе лёгка.
Ужо мінулі лагчыну, выбіліся ў бор, дзе доўгія цені ляглі на дол і мох здаваўся дзіўна пафарбаваны ярка-зялёнымі палосамі. Вось ужо відаць і кустоўе на ўзлобку Мокрага Лога. Дзіўная тут расліннасць. Побач з соснамі рос альхоўнік, ельнік і нават лаза — усё гэта на ўзвышшы. Напэўна, зусім блізка ад паверхні ідзе ваданосны слой, і вільгаць з бароў сцякае сюды, да Мокрага Лога, тысячамі падземных жыл-крынічак: нездарма ў самае засушлівае лета нават крыніца пад валуном не высыхае, б'е вада з-пад зямлі фантанамі, перасейвае-перакатвае жоўты пясок і сцякае ручаём па ўсім Мокрым Лозе. А колькі ж тых крыніц яшчэ ўліваецца ў ручай, пакуль дабяжыць ён да ракі ўжо невялічкай рэчкаю!
Калі спусціліся з абрыву да валуна, спярша нікога не ўбачылі. Але вось за адным дрэвам бачны цень чалавека, за другім, і неўзабаве выйшлі адтуль Крывы Панас і пісар Адам з бацькам. Стары Смольскі быў яшчэ даволі дужы, каржакаваты, з учэпістым позіркам, спаласаваным зморшчынамі лбом і прыплюснутым пераноссем, ад чаго нос здаваўся як бы перабітым пасярэдзіне.