Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 6
Николай Михайлович Водоносов
Ён упершыню, мабыць, падумаў, што яму і сапраўды трэба неяк апранацца лепш, папрасіць Мірона, каб ён абстрыг яго, як свайго Алеся, «пад баранчыка». Няхай. Валасы падрастуць — зраўняюцца «барозны» на галаве…
Рэчку перайшоў бродам, дзе камяніста-пясчанае дно густа парасло лапушыстай капустай, у якой, ведаў, любілі хавацца ракі, малыя мянёчкі і сліжы. Вось і цяпер пад нагою адчулася нешта жывое, пругкае. Хоць ведаў, што гэта рыбіна, але ногі самі імкліва вынеслі яго на бераг — вусцішна. Мог быць то сліж, а магла напаткацца і «каза», рыбка, вельмі падобная на сліжа, толькі танейшая, з нейкім вострым зубам на губе, якім, бывае, пратне аж да крыві…
Падыходзячы да свайго хутара, пачуў сварку. Ізноў Міроніха сварылася са сваім Міронам. І што гэта яны кожны дзень «грызуцца», як казаў іх старэйшы сын Алесь? Няўжо нельга жыць спакойна, ціха, як, скажам, «паны» Ваўчкі? На хутары Красоўскага заўсёды ціха, быццам там ніхто і не жыве.
Тут Мікола вельмі памыляўся, бо яшчэ не ведаў усяго, што рабілася на тым спакойным хутары.
— А божухна-а, а навошта ж я з такім лайдаком звязалася, а навошта ж я загубіла сваю жытачку-у! — даволі прыемным грудным голасам, быццам спявала, на ўвесь двор галасіла Міроніха. Перад ёй, схіліўшы малую калматую галаву, стаяў дробненькі, лядашчы, згорблены, як пабіты сабака, Мірон, камячыў у руках шапку і толькі лыпаў сваімі блакітнымі вочкамі.
— Дык я от іду ўжо, дапраўдачкі — іду, — апраўдваўся ён, баючыся павярнуцца і ісці, каб не атрымаць у плечы добрага кухталя.
— Каб ты ўжо не вярнуўся, лайдак, паўдня на дварэ, а ён і лясёнкі травы не адкасіў,— ужо цішэй гаварыла яна Мар'і, якая выйшла іх прымірыць. — Хлеба акраец, скварку дала, пляшку малака наліла, а ён умалоў усё і спіць сабе пад кустам. Дзе твая каса, злыдзень? Чым ты цяпер касіць будзеш?
Касу яна, як заўсёды, цішком адкрала ў яго і прыхавала ў садзе, у кустоўе бэзу.
— Ну то ўжо не муч, дапраўдачкі, аддай касу, бо пайду ўжо. Да вечара скашу лагчынку ў Мокрым Лозе. Там табе дзесяць лясёнак будзе, дапраўдачкі…
Высокая, чорнавалосая, са смуглявым, як у цыганкі, тварам, з праніклівымі чорнымі вачамі, даволі статная, Міроніха была адходлівая і дабрадушная. Было ў яе паглядзе нешта прыемнае, прыцягальнае. Сапраўды, здавалася дзіўным, як гэта «прыгажуня Клаўдзя» — так называлі яе ў вёсцы, — першая дзяўчына ў Калінаўцы, пад вокнамі якой вечарамі ўздыхаў ці адзін калінаўскі кавалер, раптам узяла ды «выскачыла», як казалі людзі, за недарэку Мірона з Пабярэжжа. Злыя языкі мянцілі, што старая Марфа, Міронава маці, нейкім зеллем напаіла Клаўдзю, прывабіла, і прыкіпела дзяўчына да яе нягеглага, малога Міронкі.
Як бы там ні было, а сыны ў іх пайшлі ў маці — смуглявыя, рослыя, прыгожыя. Асабліва — Алесь. У свае пятнаццаць год ён быў амаль роўны з бацькам, і ўся хатняя работа — дровы, смалякі на зіму (гэта ж галоўнае асвятленне, бо газай на хутарах і не пахла), вада — ляжала на ім.