Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 5

Николай Михайлович Водоносов

— Даўно… Але мама, як пойдзе ў горад за пенсіяй, прынясе.

— Ну, ну…

Лоўка, быццам і не было ў яго пакалечанай нагі, Тупік ускочыў у сядло, паклаў хлеб у сумку і павярнуўся да Гэлькі.

— Дык падумай добра над маёй прапановай… і просьбай, — ласкава зірнуў ён на яе, сцішыўшы голас. — Вучыцца ніколі не позна, а веды за плячыма не носяць. Дуй у наш лікбез — і лішняга не балакай. Ніякай адгаворкі не прыму!

— Калі ж далёка.

— Дык жа не кожны дзень! Аўторак, чацвер…

— Падумаю…

— Толькі не доўга.

— Калі ж во і грады зарастаюць, а там і бульбу трэба неяк дагледзець, на дзень дам, абгонім бульбу.

— Хіба што… Канём яно куды спарней.

— Дык, значыць, дамовіліся! Чакаю…

Тупік цмокнуў губамі, і Сняжок з месца ўзяў трухам. Ён і бег неяк асабліва ёмка, плаўна, бы слаўся па зямлі, выцягнуўшы прыгожую грывастую шыю. А Мікола глядзеў услед і зайздросціў: вось бы яму ды гэтак праехаць у сядле на такім хвацкім кані!

Гэлька пайшла на двор, з гэтага толькі боку абгароджаны высокім абчасаным коллем, а Мікола заўважыў, як ад рэчкі сюды ішла Анюта. Яе ён бачыў колькі разоў толькі здаля і таму наўмысна не спяшаўся, нават прысеў і пачаў назіраць за вялізным пухнатым чмялём, які лётаў з кветкі на кветку белага дзяцельніку і аднастайна гудзеў, замаўкаючы толькі тады, калі ўсоўваў свой хобат у суквецце і прагна, аж раздзімаўся, смактаў салодкі нектар.

— Глядзі, які вялізны! Большы за шаршня, — сказаў ён, калі дзяўчынка наблізілася да яго. — А прыгожы — як вясёлка!

— Некалі мне на чмялёў глядзець… Во — бачыш? — Яна паказала тоўстую торбу, што несла ад рэчкі.— Вы рыбу ды ракаў цягаеце, а я хоць шчаўя насашчыквала.

— І я па шчаўе хаджу…

— А чаго сюды?

— Сняжка цукрам частаваў,— пахваліўся Мікола. — Ён мне галавою ківаў — дзякаваў.

— Каню — цукар? — аж акругліліся яе вялікія сінія вочы. — Ды ты што — з глузду з'ехаў?

— Гэта каб прывучыць да сябе.

— Пэўна ж — дурны. Знайшоў каго прывучаць. Ты вось спярша глянь на сябе…

— А што? — не зразумеў яе Мікола.

— Ды тое — паглядзі на сябе харашэнька…

— Аню-ю-юта! — пачуўся з двара хрыплы голас айчыма. — Табе другой работы няма, як языком мянціць? Што ў цябе там за кавалер? — У фортцы паказалася калматая галава з густымі чорнымі бровамі і калючымі вочкамі.— А-а, пан Гурэцкі? Гэлька з тым бобікам шуры-муры, а гэта — кату па пяту — і ўжо таксама хлопцы наўме… А ну — марш дамоў!

Анюта ўвабрала голаў у плечы і пакорліва пайшла за веснічкі. А Мікола яшчэ доўга стаяў і глядзеў на высокія, завостраныя ўгары колікі, на дубовыя вароты і аблезлую зялёную фарбу на брамцы. У яго жыцці тут сёння адбыліся дзве важныя падзеі: ён пазнаёміўся з Тупікам, з яго прыгожым Сняжком і з Анютай, неяк адразу ўсхвалявала яго, уразіла. Яму прыемна было глядзець у яе адкрыты прыгожы твар, у вялікія сінія вочы. А які лагодны, пявучы яе голас!

Не, ён ніколечкі не крыўдзіцца на Анюту за яе абразлівыя словы…

«Чаму яна сказала — паглядзі на сябе?» — падыходзячы да рэчкі, думаў ён.

А выгляд у яго быў сапраўды несамавіты: выцвілая сіняя кашуля на локцях парваная, каравыя штаны караткаватыя, босыя ногі парэпаліся ад вады і гразі, а даўно нястрыжаныя чарнявыя валасы звісалі аж на вушы касмылямі. Ды і рукі не дужа што чыстыя. Каб іх адмыць, да белага, трэба змыліць цэлы кавалак мыла, якога ў хаце анізвання…