Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 3

Николай Михайлович Водоносов

Каб ніхто ў вёсках нічога не ўведаў, трыер не пусцілі ў ход, а веялі жыта веялкай познімі вечарамі. Праца гэтая хоць была марудная і цяжкая, але дала аж па тры мяхі добрай збажыны, якую паціху малолі на ручных жорнах, якія зрабіў Мірон з дзвюх тоўстых дубовых калодак, панабіваўшы ў іх безліч усялякага жалеззя, якое толькі можна было знайсці на хутарышчы…

Так вось і жылі там дзве сям'і.

А неўзабаве з'явіліся жыхары і на хутары Красоўскага. Там пасялілася сям'я з Пабярэжжа: сам гаспадар Іван Ваўчок, чарнабровы, рухавы, мажны дзяцюк, сапраўды на выгляд трохі ваўкаваты, яго жонка, даволі хударлявая, маладая яшчэ, з дачкой Анютай і Кацярыніна сястра Гэлька, яшчэ зусім маладая дзяўчына, падобная на сваю сястру і абліччам, і лагодным характарам. Яны былі прыгожыя: сёстры. Абедзве бялявыя, з авальнымі тварамі, пунсовымі вуснамі і вялікімі сінімі вачамі. Гэткаю была і Анюта, Кацярыніна дачка. Увішныя, працавітыя, яны адразу ж узяліся наводзіць парадак у гародзе, на двары. Ось толькі гаспадара рэдка можна было ўбачыць калі. Што ён рабіў, чым займаўся — заставалася тайнай за сямю замкамі.

Трэба сказаць, што такое суседства не вельмі абрадавала Мірона з Міроніхай: у іх была вялізная сівая, як лось, карова, якая пасвілася на былых градах і па садзе таго хутара, там была добрая сакавітая трава, і карова — яна здаўна прывыкла хадзіць самапасам — даволі хутка гэта агледзела. Цяпер жа карову туды не пускалі, і яе давялося пасвіць у лазе каля рэчкі, дзе і трава дужа не расла, і хадзіць за каровай было нязручна: кустоўе ды купіны. На луг не пускаў калгасны вартаўнік, і калі яна туды ўсё ж прарывалася, пагражаў штрафам. Праўда, пазней карова сама знайшла сабе пашу. І не абы-якую. Але пра гэта — пазней…

Кацярына выйшла за Івана, калі яе дачцэ Анюце ішоў трэці год, і дзяўчынка, пазней даведаўшыся ад вяскоўцаў, што яе родны бацька недзе жыве далёка ў Сібіры, затаіла ў душы вялікую крыўду і на маці, і на айчыма, якога ненавідзела ўсёй дзіцячай душою. Больш за ўсіх яна хінулася да цёткі Гэлькі…

Шмат чаго тады яшчэ не ведалі ні Алесь, які быў крыху вышэйшы за Міколу, ні сам Мікола. Яны і не падазравалі, як цяжка жылося Анюце пры такой, здавалася, вялікай і дружнай сям'і.

Пакуль жа для жыхароў навакольных вёсак яны былі проста «паны» Гурэцкія і «паны» Красоўскія. Усе ведалі, што толькі бяда-гора выгнала гэтых «паноў» з вёсак на хутары…

Сняжок

Убачыў яго Мікола ўпершыню. Убачыў і не мог адарваць позірку ад белізны яго гладкай, аж бліскучай на баках, поўсці, ад густой доўгай грывы, ад круглых, як яму здалося, чорных вачэй, якія пазіралі з разумнай цікавасцю, быццам пыталіся: «Ну, якая мне ад цябе карысць? Чаго ты тут стаіш?»