Читать «Скарб Загорскай камяніцы» онлайн - страница 37

Николай Михайлович Водоносов

— Маё шанаванне, Кузьміч! Якім ветрам прыгнала? Можа, што яшчэ здарылася? — загаварыў Мірон, дапытліва пазіраючы міліцыянеру ў вочы.

— Ды пакуль ціха, — адказаў той, па звычцы туд-сюд кінуўшы позірк. Агледзеў пакой, у якім, апроч лавы, стала і двух драўляных ложкаў, засланых даматканымі старымі коўдрамі, нічога не было, дадаў: — А ў вас што чутно?

— Ды пакуль таксама ад ліха ціха… Сядайце от, а то ў нагах, дапраўдачкі…

— Новых гасцей не прымалі? — раптам перапыніў яго Тупік. Прысеў на лаву да стала і хітравата зірнуў на Мірона. Што ён на гэта адкажа?

— Якіх гасцей? — і сапраўды аж сумеўся Мірон, падсаджваючыся да Тупіка.

— Ну хоць бы такіх, якія краму рабавалі. Ці забыўся, як разам частаваліся?

— Хто расказаў?

— Сарока на хвасце прынесла — от. І не балакай лішняга. Мой чалавек падгледзеў, мая рука…

— Доўгія ў цябе рукі, Кузьміч, — здаўся Мірон.

— А інакш нельга… Ну, гавары.

— А што ж гаварыць? Тых людзей я не ведаю. Адзін малады зусім, а другі старэйшы…

— І ўсё? Малавата, Мірон… Ну, якія яны з выгляду, хаця? Чорныя, рыжыя, чырвоныя?

— Рыжыя, — усміхнуўся Мірон, яго дробны твар прасвятлеў.— Дальбог, рыжыя… У аднаго, ведаеш, башлык зляцеў, дык аж у хаце пасвятлела ад яго галавы! Дапраўдачкі…

— Ну, а вочы якія?

— Хавалі яны свае васільковыя вочы… Мне здаецца… — пачаў хітраваць Мірон.

— Што?

— Недзе ўжо я такія вочкі ды бачыў. Не то ў воласці, не то ў сельсавеце…

— Не то там, не то тут? Гэтак?

— Гэтак, гэтак…

— Тут, значыцца.

— Дапраўдачкі… Так яны і пагаварылі.

«Ну і хітрун! Ведае ж, а вось кругом ды наўкола, маўляў, сам здагадайся… — падумаў Тупік і рады быў, што Мірон усё ж навёў на нейкі след. — Пісар!.. Яго трэба прашчупаць. З бацькам, пэўна… Нетутэйшыя яны і… рыжыя».

— Ну, то я пайшоў, дзядзька Мірон. Лічыце, што мы не сустракаліся і не гаварылі.

— Божа бронь!

Калі Тупік выйшаў, хлопцы былі ўжо каля каня. Мікола сядзеў у сядле і, схіліўшыся, гладзіў тугую бялюткую шыю.

— Можна, я трошкі праеду, — папрасіў ён у Тупіка.

— Можна… А дзе ж тое?

— Пад плотам у траве, — паказаў Алесь.

— Дык вы па чарзе катайцеся, а я пагляджу, што там у вас за цацка, — сказаў Кузьміч і накіраваўся да плота, дзе густа рос пырнік, дзядоўнік і безліч рознага пустазелля.

Алесь падаў Міколу павады, і Сняжок, адчуўшы волю, затупаў на месцы, косячы вачыма на гаспадара — ці дазволіў?

— Но-о, Сняжок, но-о, — паддаў яму босымі пяткамі яздок: да страмёнаў ногі не даставалі. Але конь тупаў нагамі і не кранаўся з месца.

— Пайшоў, Сняжок! — падаў голас Тупік, і конь, пачуўшы гаспадара, з месца ўзяў трухам. Мікола ледзь справіўся хапіцца за луку — так нязвыкла было ў сядле, што ледзь не зваліўся. Потым пачаў прыпадаць у такт, узмахваць рукамі, сяк-так прылаўчыўся. Даў добрага кругаля вакол хутара. Потым паехаў і за Алеся, бо той адмовіўся лезці ў сядло.

А Мікола ўжо, ушчаміўшы між пальцаў ног сырамяць страмёнаў, падскокваў у сядле, як запраўскі кавалерыст. Сняжок ішоў плаўна, мякка, пусціўшы хвост па ветру і выцягнуўшы, бы паклаўшы на тугі сустрэчны струмень паветра, прыгожую галаву. Конь з нейкім задавальненнем, здавалася, нёс гэтую малую жывую ношу…