Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 91

Юрий Аркадьевич Татаринов

Між тым Дземянцей падышоў да канала, падняў за фалды свайго анямелага ад страху паніча і, пасадзіўшы яго зноў у каляску, павёз да экіпажа. Здавалася, што ён ужо забыўся і пра няшчаснага хлопчыка-слугу і пра свой нечаканы прыступ гневу — на твары яго зноў панаваў выраз раўнадушша і панурасці.

У замак слугі вярталіся павольным крокам, нібы баючыся чагосьці. Наперадзе два коннікі везлі прывязанага да доўгай жэрдкі забітага дзіка. За імі ішлі ўсе астатнія. У цэнтры натоўпу каціла ўбогая аднаколка. На дне звычайнай павозкі, якая прызначалася для перавозу корму для звяроў і птушак Летняга парку, ляжаў ранены хлопчык-слуга. Шырока раскрытымі, пачырванелымі ад мукі вачыма ён глядзеў у неба. Ён быў яшчэ жывы, але ўжо наўрад ці што-небудзь бачыў і разумеў. Стары слуга, сваяк бедалагі, стаяў над ім на каленях і, узняўшы рукі ў неба, без слёз, глуха прычытваў:

— Вазьмі мяне, Госпадзі! Вазьмі мяне ўзамен! Ты выпрабаваў мяне і ўсё ведаеш! Вазьмі лепш мяне!..

Усе астатнія ў натоўпе хмура маўчалі…

X

Дні праходзілі за днямі. Панна Марыя пачала прывыкаць да замкавага жыцця. Пэўны час да сняданку яна праводзіла ў майстэрні мастака, які рабіў эскізы да яе будучага партрэта. Сняданак, абед і вячэра яе праходзілі ў кампаніі гаспадароў.

Княгіня, адчуваючы асаблівую прыхільнасць мужа да пляменніцы, старалася трымаць сябе з паннай Марыяй ветліва. Але гэта не вельмі ў яе атрымлівалася. Панна Марыя адчувала сябе ў яе кампаніі зняважанаю і таму пазбягала яе. Да таго ж яе стрымліваў той арэол тайны, які лунаў над гаспадыняй замка. Панначка адчувала, што слугі невыпадкова называлі яе «вядзьмаркаю». За самую дробязную правіннасць княгіня жорстка карала іх. Слугі баяліся яе, як моравай хваробы.

Акрамя таго панну Марыю прыгнятала яшчэ і прысутнасць маладога князя. Пястун, здавалася, быў сатканы з недахопаў. Панначка прымала ўсе яго выхадкі блізка да сэрца. Ужо толькі адзін яго выгляд выклікаў у яе агіду. Як ні стараліся глядзець за ім слугі, ён больш нагадваў пудзіла гарохавае, чым знакамітага князя. Панна Марыя была вельмі здзіўлена, калі ўпершыню пачула пра амурныя справы Іржыка. Ведала яна і пра забойства хлопчыка-слугі. Яе мучыла тое, што вісус не адчувае згрызот сумлення за свае ўчынкі! За яго неасцярожнасць на апошнім паляванні пацярпеў… Дземянцей. Па распараджэнні княгіні той атрымаў дванаццаць удараў бізуноў — роўна столькі, колькі было гадоў няшчаснаму хлопчыку-слузе, — ды яшчэ на тры дні быў пасаджаны ў башню на хлеб і ваду. Нейкі час здарэнне ў Летнім парку трымала ўсіх жыльцоў замка ў трауры. Нават гаспадары, здавалася, былі прыгнечаны. І толькі Іржык паводзіў сябе так, быццам нічога не здарылася.