Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 92

Юрий Аркадьевич Татаринов

З некаторага часу Панну Марыю пачаў палохаць яго позірк. Пястун заўважыў яе. Спачатку ён проста пяліў на яе свае вочы, забыўшы пра ўсё на свеце: пра абед, які астываў на стале, пра тых, хто яго акружае. Ён глядзеў на панначку і міжволі пераймаў яе звычкі: распрамляў плечы, стараўся акуратна трымаць лыжку… Ёй здавалася, што гэты пястун дражніць яе.

Аднак усё складвалася значна горш: няшчасны закахаўся ў панну Марыю. Калі ён звыкся з пачуццём здзіўлення ад таго, што з ім адбылося, ён пажадаў зблізіцца з панначкаю… Звычайна, пакуль госця знаходзілася за сталом, ён не спускаў з яе вачэй, але варта было ёй толькі ўзняцца, як ён разварочваў каляску і адпраўляўся за ёю. У рэшце рэшт, па распараджэнні князя Станіслава, Іржыка сталі пускаць у Сталовую залу толькі пасля таго, як адтуль выходзіла панна Марыя. Супакаенне як быццам бы аднавілася. Аднак страсць у сэрцы вісуса ўжо разгарэлася. Варта было яму ўбачыць панначку, як ён ляцеў да яе, працягваючы пры гэтым рукі, быццам бы молячы аб паблажцы. Калі яму даводзілася да яе наблізіцца, ён асцярожна кранаў пальцамі яе сукенку, жадаючы ўпэўніцца, што перад ім не здань, сатканая з промняў і вільгаці, а жывая істота. Пры гэтым панна Марыя заходзілася ад страху і хвалявання. Яна пачала пазбягаць сустрэч з ім. Але гэта ўжо не магло ёй дапамагчы. Грэшнае насенне ў душы вырадка прарасло і цяпер пагражала выспець у неверагодны, брыдкі колас.

Звычайна пасля снядання панначка ішла гуляць з князем Станіславам у парк. А калі гаспадар замка быў заняты, яна адпраўлялася туды ў суправаджэнні маўчуна пана Кржыша. Адзіноты яна не выносіла. Пра паездку ў Варшаву князь гаворку не заводзіў. Менавіта жаданне пабыць з пляменніцаю прымушала яго адкласці ад'езд. Хутка панна Марыя даведалася, што ён быў у Кляцісе і бачыўся з Янам. Хлопец яму спадабаўся. Князь загадаў занесці яго ў спіс тых, хто павінен адправіцца з ім у Варшаву.

Асабліва сумнымі здаваліся панначцы пасляабедзенныя і вячэрнія гадзіны. Пасля абеду замак быццам выміраў. Кожны з гаспадароў запіраўся на сваёй палове, слугі хаваліся ў каморкі. Знікаў нават пан Кржыш. Тым часам панначка адпраўлялася гуляць па залах. Міжволі ёй даводзілася звыкацца з адзінотаю. Гэта было няпроста. Ёй бачылася неверагодным тое, што агромністы замак выглядае зусім бязлюдным…

З некаторага часу яе любімым заняткам стала сядзець каля акна. Яе забаўляла назіранне за княжацкай флатыліяй. Калі на вуліцы быў вецер, караблі з паднятымі ветразямі трымаліся пасярэдзіне возера. Маленькія чалавечкі мітусіліся на палубах, карабкаліся па рэях, падавалі флажкамі сігналы. У іх мурашынай мітусні бачыліся сэнс, значэнне і страсць. Панначка міжволі зайздросціла ім.

Вячэрняю парой, калі спадала спёка, князь Станіслаў прапаноўваў ёй пакатацца. У такі час яны адпраўляліся ў адкрытай пралётцы ў Летні парк. Дарожка праходзіла па беразе возера. З блізкай адлегласці судны ўжо не здаваліся панне Марыі такімі фантастычна прыцягальнымі. Цёрся аб борт, павізгваючы, зялёны ад водарасцяў якарны ланцуг. Апушчаныя ветразі віселі, як пустыя мяшкі, і бачыліся ўжо не такімі бясспрэчна белымі, як здалёк. Адсутнічала бравая каманда… Іншы раз князь прасіў вазніцу правезці іх праз горад. Заўважыўшы пралётку, гараджане здымалі галаўныя ўборы, нізка кланяліся. Панна Марыя чула, як яны, паказваючы ў яе бок, аб нечым ажыўлена перагаворваліся, але не здагадвалася, што гэтае ажыўленне выклікала менавіта яна сама. Людзі дзівіліся яе прыгажосцю, грацыяй, пыталіся, як яе завуць…