Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 93

Юрий Аркадьевич Татаринов

Здавалася, тутэйшыя цяністыя дарожкі цягнуліся бясконца. Даводзілася ехаць то па насыпе, прама па сярэдзіне сажалкі, то ўзбірацца на ўзгоркі. Патрывожаныя з вады шэрыя качкі чародамі пераляталі з месца на месца; дарожку перабягалі касулі, зайцы. Недзе ў зацішным месцы нечакана магла раскрычацца гарластая чапля. І толькі белыя лебедзі былі абыякавымі да з'яўлення экіпажа; трымаючыся заўсёды параю, яны, здавалася, абдумвалі нейкую сваю сур'ёзную справу, якая павінна была адбыцца…

Здаралася, пакінуўшы пралётку, князь і панначка садзіліся ў альтанцы і з задавальненнем любаваліся даляглядамі. У такія хвіліны яны забываліся адзін пра аднаго, углядваліся і ўслухоўваліся, міжволі адчувалі сябе часткаю прыроды…

Ну а позна ўвечары, пасля прагулкі, застаўшыся ў спальні, панна Марыя цалкам аддавалася свайму любімаму занятку — думкам пра Яна. Між іншым, яна думала пра яго пастаянна: у кампаніі князя, у кампаніі маўчуна пана Кржыша, у майстэрні пана Гнезскага. Але тады думкі аб ім былі мімалётнымі, як прыемныя здані. Перад сном жа гэтыя думкі, здавалася, апаноўвалі яе цалкам: яе цягнула да Яна, яна хацела яго бачыць, чуць яго дыханне, голас…

Яна сядзела ў крэсле каля высокага акна, якое пачыналася ад самай падлогі, і яскрава ўяўляла сабе іх вячэрні дыялог… Ян жартаваў, усміхаўся сваёю спакойнай, неліслівай усмешкаю. Ён то бясконца гаварыў, то глядзеў ёй у вочы — сур'ёзныя, быццам збіраўся прызнацца ў нечым патаемным.

Такая размова ў думках дапамагала ёй бавіць доўгія гадзіны адзіноты, выратоўвала яе ад пакуты і смутку. Гэта дапамагала ёй заставацца такой, якою яна была з дзяцінства і якою яе ведалі ўсе ў Кляцісе: ураўнаважанай і сардэчнай.

XI

Неяк аднойчы ўвечары ў спальню панны Марыі ўвайшла Агнешка і сказала:

— Вас просіць князь.

— Што здарылася?

Не ведаю, ваша міласць. Толькі чула, што гадзіну таму прыбыў ганец з дэпешаю. Казалі, здалёку.

Нечаканы выклік абудзіў трывогу ў душы панначкі. Так позна князь дарэмна выклікаць не будзе. Спачатку яна падумала пра Яна. Гэтымі днямі той павінен быў прыбыць у замак. Аднак напамінак аб ганцы падказаў ёй, што прычына выкліку ў нечым іншым. Змяніўшы ўбранне, яна адправілася на палавіну князя.

Апартаменты князя Станіслава размяшчаліся ў асобным будынку палаца — так званым Старым замку. Гэты будынак злучаўся з галоўным галерэяй на другім паверсе. Гэтае старэйшае замкавае збудаванне было ўзведзена адным з першых Эрдзівілаў. Князь Станіслаў аддаваў перавагу адзіноце. Убранне пакояў Старога замка ўжо дзвесце гадоў заставалася нязменным. Прыёмную залу ўпрыгожвалі габелены, якія адлюстроўвалі сцэны з жыцця Адама і Евы. Некалі абстаноўка і ўпрыгожанне залы — тыя ж габелены, вялікі ружовы камін, крэслы — павінны былі гаварыць пра бездакорнасць і чысціню, іх фарбы былі светлымі і яркімі. З часам мрамар пацямнеў, выцвілі габелены, страціла бляск паркетная падлога. Нават столь у ажурнай ляпной аздобе выглядала шэраю, хоць яе падбельвалі кожны год.