Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 90

Юрий Аркадьевич Татаринов

Князь Іржык радаваўся. Ён падпрыгваў і размахваў рукамі.

— Хвала! — крычаў ён тонкім пісклявым голасам. — Хвала!

Яму здавалася, што гэта ён зваліў страшэннага вепрука. Дземянцей, між тым, важна прайшоў да таго месца, адкуль пачынаў сваю атаку кабан, знайшоў там адбіты клык і, вярнуўшыся, уручыў трафей панічу. Той адразу прыставіў клык да губы і, скорчыўшы грымасу, зарычаў.

Слугі засмяяліся. Напружанне, якое было выклікана нядаўнім пагражальным нападзеннем звера, уляглося…

Тым часам па ланцугу падавалі ўжо новыя стрэльбы. Позіркі ўсіх, хто стаяў каля варот загону, зноў накіраваліся на Дземянцея. Той у сваю чаргу флегматычна паглядваў на Іржыка.

Князь нарэшце кінуў адбіты клык і патрабаваў стрэльбу. Дземянцей даў знак — і вароты загону адчыніліся. На гэты раз на паляну выбегла парасё. Яго памер, а таксама пятністая, зеленавата-рыжая афарбоўка сведчылі пра тое, што бедалазе было два-тры тыдні ад роду. Ён піскнуў, але на паляну не пабег, застаўся каля драўлянай агароджы. Хлопчык-слуга выйшаў на адкрытае месца, каб адагнаць яго. Нечакана над палянаю ўсхапілася воблачка парахавога дыму — пачуўся выстрал. Хлопчык-слуга, так і не ажыццявіўшы сваёй задумы, раптам паваліўся вобзем. Спалоханае парасё завішчэла і недзе знікла. Гайдук кінуўся да варот загону…

Слугі, якія вартавалі вароты, адразу ж перавярнулі бедалагу. Яго жывот быў заліты крывёю… Хлопчык ціха стагнаў. Да каляскі Іржыка падбег Дземянцей. Яго твар быў, што чорная хмара.

Іржык, адчуваючы яго настрой, круціў галавою, злаваўся:

— Ах д'ябал, уцёк… Ну, я яму! — І ён пагразіў услед парсючку кулаком.

Але Дземянцей не слухаў яго. Ён падняў паніча загрудкі і, страсянуўшы, крыкнуў у адчаі:

— Што ж ты натварыў, князюшка!.. Што ж ты натварыў!..

Слуга, здавалася, душыў яго. Князь хапаў ротам паветра, стараўся вызваліцца ад жалезнай хваткі. Але Дземянцей не звяртаў на гэта ніякай увагі. Ён працягваў трэсці князя і крычаць яму ў самае вуха: «Што ж ты натварыў!..» Нарэшце ён насадзіў Іржыка і з усяе сілы піхнуў каляску. Тая стрымгалоў панеслася з пагорка, падскокваючы, нібы жывая, на купінах. Дземянцей падняў стрэльбу, з якой толькі што страляў яго гаспадар, і так грамыхнуў яе на зямлю, што пераламаў папалам. Ярасць гайдука — такая рэдкая з'ява — падказала ўдзельнікам палявання, што на сягоння ўсё закончана. Удзельнікі палявання пачалі разыходзіцца без каманды.