Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 88

Юрий Аркадьевич Татаринов

Адзіным упрыгожаннем закінутай залы каплічкі былі масіўныя круглыя пілястры. Яны захавалі пабелку. Адразу каля ўвахода стромкая драўляная лесвіца вяла на хоры. Два вельмі вузкія праёмы, размешчаныя на сцяне, былі застаўлены крыжападобнымі жалезнымі кратамі.

— З гэтаю капліцаю звязана адна сумная гісторыя. — Густы голас князя гучна раздаваўся ў пустой зале і хутка знік пад купалам. — Некалі адзін мой продак, яры вораг кальвінізму, зачыніў тут і пакінуў без яды і вады некалькі пратэстанцкіх святароў. Ён патрабаваў, каб тыя адракліся ад сваёй ілжывай рэлігіі. Але выйшла не так, як ён хацеў. Ні адзін са святароў не адрокся. Тыдзень чакалі ад іх адказу. Нарэшце, калі капліцу адчынілі, выявілася, што з усіх палонных у жывых застаўся толькі адзін. Яму хацелі дапамагчы, але дарэмна, ён таксама хутка памёр. Усіх пахавалі тут жа, на могілках. А горку з таго часу сталі называць Паповай…

Пасля гэтага панне Марыі захацелася як мага хутчэй пакінуць капліцу. Яна азірнулася на дзверы. Здагадаўшыся, якое ўражанне зрабіў на яе гэты расказ, князь вырашыў апраўдаць свайго прашчура.

— Цяпер сцвярджаюць, быццам мой сваяк быў жорсткім, — казаў ён. — А я разважаю так: гаворачы пра ўчынак, трэба браць пад увагу час, калі ён быў здзейснены.

Так, мой сваяк паступіў бязлітасна. Аднак ці мог ён у той час паступіць інакш! Ён бараніў ад распаду, які несла ў сабе лжывая рэлігія, сваіх падданых!

Але панну Марыю не пераконвалі гэтыя апраўданні. У любым насіллі, дзеля якіх бы то ні было высакародных мэт яно ні здзяйснялася, яна бачыла найцяжэйшы грэх. Людзей знішчылі за іх перакананні. Хто ён, гэты ўсемагутны, які ўзяў на сябе смеласць распараджацца іх душамі?.. Панна Марыя бачыла свайго далёкага сваяка не інакш, як у абліччы д'ябла: з мячом у руках і ў заплямленым крывёю адзенні. І яна асуджала яго, нават не пацікавіўшыся тым, дзеля якой мэты ён стараўся. Душа яго бачылася ёй праклятаю і мітусліваю ў дарэмным пошуку спакою і жадання апраўдаць сябе. Таму панна Марыя не адказала, — яна проста павярнулася і выйшла з каплічкі.

Здзіўлены, князь Станіслаў быў вымушаны пайсці за ёю…

IX

У той жа дзень і ў той жа самы час на супрацьлеглым баку гарадской аколіцы, менавіта ў Летнім парку Эрдзівілаў, адбываліся падзеі іншага характару. Тут весяліўся князь Іржык.

Яшчэ раніцою яго пасадзілі ў экіпаж і ў суправаджэнні дзесятка слуг і такой жа колькасці коннікаў пераправілі ў сваю любімую рэзідэнцыю.

На паляўнічай паляне яго чакалі егеры і іх памагатыя. Стрэльбы былі начышчаны да бляску і зараджаны; у спецыяльным загоне пакутаваў у пошуках выхаду статак дзікіх свіней.

Паляўнічая паляна ўяўляла сабою размежаваную глыбокімі каналамі дзялянку, куды з бліжэйшых лясоў заганялі або прывозілі звяроў. Калі іх збіралася дастаткова, аб гэтым паведамлялі ў замак. І князю наладжвалі забаву…

Падобнае больш правільна было б назваць «вынішчэннем жывёлы». Іншы раз ад куляў прыдурка гінулі дзесяткі жывёлін. Князь Іржык і яго падначаленыя былі бязлітасныя. На паляўнічай паляне забівалі аленяў, мядзведзяў, нават зуброў. Распусніку бачыць кроў і чуць стагнанне сваіх ахвяр было вялікім задавальненнем. Ён прывык да гэтага, як воўк да сырога мяса, і ўжо не мог жыць без такіх забаў.