Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 9

Юрий Аркадьевич Татаринов

Сесці ў дарагое глыбокае крэсла Бока не адважыўся. Хлопец падышоў да акна і адхінуў фіранку.

Ён убачыў, што знаходзіцца на другім паверсе. Унізе стракацела, усланая ранішняю расою, вялізная клумба. Кветкі выяўлялі сваёю маляўнічасцю нейкі мудрагелісты герб. Вакол клумбы выштукавана была чырвоная гравійная дарожка, што разгаліноўвалася на тры накірункі. Цэнтральнае адгалінаванне выводзіла да сажалкі, што зіхцела здалёк срэбранымі водбліскамі.

Дзень меўся прынесці нашаму герою шмат чаго нечаканага. Бока яшчэ стаяў каля акна, калі адчыніліся бакавыя дзверы і ў залу ўвайшлі ўчатырох. Незнаёмцы ўтаропіліся на яго з непрытоенай цікаўнасцю. З імі была маладая жанчына.

Сярод тых, што ўвайшлі, Бока пазнаў глуханямога. Убранне, у якое ён паспеў пераапрануцца, рассмяшыла хлопца. Між тым уборы астатніх членаў кампаніі былі таксама незвычайныя. Наш герой тады вырашыў, што ў доме, відаць, здымаецца гістарычны фільм. Мужчыны былі ў шыкоўных, аздобленых карункамі камізэльках, шаўковых панталонах і панчохах, на нагах у іх красаваліся туфлі на абцасах і з банцікам. Да таго ж у кожнага на галаве матляўся кучарамі не абы-які парык. А ў аднаго на той самы парык быў уздзеты трохкутны капялюш. Здавалася, што мужчыны былі аднолькавага ўзросту, — адрозніваліся хіба што знешнасцю. Той, што ў капелюшы, быў высокі і сухарлявы. Яго вялікі прамы нос нагадваў лязо склюда. Вочы ў яго былі прыжмураныя і хавалі выраз перасцярогі, які часцей за ўсё бывае ў людзей невялікага розуму і запальчывых, а чорныя вусы натапырваліся, што ў ката. Другога з таварышаў глуханямога можна было б параўнаць з… прыбранаю галушкаю. Ён быў тоўсты і з белаю скураю. Вялікія, акаймаваныя бялявымі, бы ў свінні, вейкамі, яго вочы выяўлялі выключную ціхамірнасць, як у святога.

І ўсё ж, галоўнай нечаканасцю для нашага героя стаў чацвёрты чалавек з гэтага гурта — прадстаўніца слабога полу. Маладая, у шыкоўнай ружовай сукенцы, яна падалася Боку сапраўднай феяю з казкі. Вочы яе ззялі, як дзве зорачкі,— столькі жыло ў іх шчырага здзіўлення. Сукенка хавала яе фігуру, але хлопцу шмат пра што казалі адны яе пальцы, тонкія і далікатныя, як у дзіцяці.

— Бач ты, што за эпікурэец? Адкуль вы яго выпісалі? — не ўтойваючы свайго здзіўлення, спытаў па-польску, звяртаючыся да глуханямога, высокі.

Бока добра зразумеў, што сказаў гэты чалавек, бо ведаў польскую мову. Яму не спадабалася вусачова панібрацтва.

— З Амерыкі? — працягваў кпліва выпытваць высокі.— Ты паглядзі!

Боку здавалася, што вусач абмацвае яго сваім недаверлівым наглядам.

Глуханямы раптам зарагатаў:

— Я ж ведаў, што ён вам будзе да душы! — грамавым голасам адказаў ён.