Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 8

Юрий Аркадьевич Татаринов

IV

Свечка патухла, рухацца па тунелі давялося ў суцэльнай цемры. Але глуханямога гэта не бянтэжыла. Ішоў ён упэўнена і хутка, — відаць, не адзін раз карыстаўся гэтым ходам. Неўзабаве ў дальнім канцы замігцела святло. Напачатку нашаму герою падалося, што ўперадзе гарыць звычайная электрычная лямпачка. Але калі яны праз хвіліну зайшлі ў прасторнае памяшканне з шырокімі паўкруглымі вокнамі на столі, верагодней за ўсё — у склеп, ён зразумеў, што святло дзённае. Гэта здзівіла хлопца. Ён стаяў, як укапаны, каля бліжэйшага акна і на хвіліну нават забыў пра свайго правадніка. Бока аніяк не мог вытлумачыць, адкуль у такі час узялося на дварэ яркае святло. Праз шкло ён бачыў, што свеціць сонца, а на блакітным небе няма ніводнай аблачынкі. Нельга было сумнявацца, што настаў дзень. Заставалася высветліць, якім гэта чынам ноч прамінула так хутка. «Няўжо я гэтак забавіўся ў тое старое? — падумаў Бока. — А можа, паспеў паспаць тады, на канапе, перш чым выйшаў на двор?..» Ён спрабаваў прыдумаць разумнае тлумачэнне таму, што бачыў.

За яго спіною пачуўся стогн. Бока азірнуўся і ўбачыў, што гаспадар, які паспеў падняцца на абгароджаную парэнчамі пляцоўку, кліча яго ісці далей. У гэты раз Бока падпарадкаваўся з асцярогаю. Апрача цікаўнасці, у ім саспеў сумніў: раптам падалося, што яны трапілі ў чужое памяшканне. Пасярод склепа быў відзён прастакутны ставок, які нагадваў маленькі басейн; уздоўж сцен стаялі на камянях драўляныя бочкі, некаторыя з іх былі нават вышэйшыя за чалавека.

Глуханямы дачакаўся, калі хлопец узлезе на пляцоўку, потым адчыніў дзверы і пайшоў па калідоры. Тое, з якой упэўненасцю ён рухаўся, адчыняючы адны за аднымі дзверы, сведчыла, што ён тут пастаянны наведвальнік.

Бока прагна ўзіраўся на бакі; цікавасць да таго, што ён тут бачыў, узрастала ў ім з кожным крокам. Спачатку яны прамінулі дзверы, з-за якіх ішлі смачныя, бы з кухні, пахі, і хлопец вырашыў, што яны — у рэстарацыі. А ўбачыўшы высокія скляпенні з аздобаю, дываны па лесвіцах, у памяшканнях, якія яны міналі, Бока палічыў, што яны — у гатэлі. Тым не меней упэўненасці, што гэта сапраўды так, у яго не ставала, — дужа шыкоўнае было ўбранне будынка. Нарэшце ён запыніўся на здагадцы, што яны — у санаторыі. «Ну вядома ж, — маракаваў наш герой, — не можа быць, каб на беразе такога прыгожага возера не было лякарні». Яго здзіўлялі гожасць і ўмельства выканання любой, самай нязначнай дэталі інтэр'еру тутэйшых апартаментаў: узоры на падлозе, вітражы на вокнах, фрэскі на сценах. Нешта падобнае ён бачыў хіба што ў музейных палацах пад Санкт-Пецярбургам…

Гаспадар завёў яго ў вялікую блакітную залу. Паказаўшы на крэсла каля акна, ён адразу ж знік за дзвярыма. Бока застаўся адзін. Ён быў занепакоены і адчуваў сябе няёмка. «Калісьці ў гэтай зале спраўляліся балі», — падумаў ён, азіраючыся на бакі. Высокую столь аблямоўвала гіпсавае цісненне ў выглядзе доўгай гірлянды. Уздоўж адной сцяны стаялі тоўстыя калоны. Уражвалі сваёй вышынёю вокны; іх было ажно шэсць — па тры на кожным з двух супрацьлеглых бакоў. Іх завесілі празрыстым блакітным шоўкам, таму ўсё ў зале — сцены, мэбля, калоны, паркетная падлога, нават вялікая крышталёвая люстра — было, як у блакітнай смузе. Адсвечвала сваім калёрам хіба што пазалота на дзвярах.