Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 7

Юрий Аркадьевич Татаринов

Потым ён прывёў Боку назад у свой пакой і паказаў на ложак. Пры гэтым ён тыцнуў сябе пальцам у грудзіну і нават прапішчаў:

— Я!.. Я!..

Пасля агляду дома ён распачаў доўгі аповед, сэнсу якога хлопец аніяк не мог спасцігнуць. Гаворка ішла, здавалася, пра паляванне і нейкую там выпіўку. Гаспадар старанна жэстыкуляваў перад носам у хлопца. А той утаропіўся на яго вочы і чакаў, калі ж ён уціхамірыцца. Глуханямы дужа стамляў яго. Боку хацелася хоць прысесці. Ён разуўся і прылёг на канапу, папярэдне падклаўшы сваю сумку пад галаву. Толькі пасля гэтага гаспадар падаўся ў свой пакой.

Застаўшыся адзін, Бока адразу ж выключыў радыётранслятар. Потым адшукаў у сумцы зубную шчотку і пашыбаваў да ўмывальніка.

Калі ён вярнуўся, тэлевізар ужо маўчаў, з пакоя чутно было пасопванне гаспадара, які рассцілаў ложак. Гэта заспакоіла хлопца. Ён патушыў святло і пачаў распранацца. Зняўшы куртку, ён раптам агледзеў у яе кішэнях яблыкі. Бока выклаў іх на стол і, выбраўшы адзін, самы буйны, пачаў есці. Яблык на смак быў такі ж, як і той, што каштаваў ён нядаўна ў парку. Жуючы, хлопец згадаў саву, а найперш тое, як яна спрытна выхапіла ў яго пачастунак, а ўслед перакуліла талерку. Згадаў ён, як яму падалося тады, нібыта птушка папярэджвае пра нешта. Даеўшы яблык, Бока зноў накінуў куртку. Яму захацелася выйсці на двор — пацікаваць на зіхоткі маладзічок, што вісеў проста над дахамі.

На дварэ што ёсць моцы цвіркалі конікі. Здавалася, што гэта завіхаюцца гномікі, каб паспець да світання выканаць якісьці тэрміновы заказ. Наводдаль, у суседніх дварах, брахалі сабакі. Месячны серп, як той ліхтар, асвятляў дахі хат і верхавіны дрэў. А за імі ляжала возера. Пра гэта можна было здагадацца па рэдзенькіх водблісках — адбітках месяцавага святла. Здавалася, быццам на вялізнай раўніне ззяе парассыпанае каштоўнае каменне…

У доме пачуўся шум. Раптам дзверы з рыпам расчыніліся і на парозе са свечкаю ў руцэ з'явіўся гаспадар. Ён усміхаўся, хоць святло цені кволага і хісткага агню ад свечкі рабілі ягоную ўсмешку якоюсьці злавеснаю. Сышоўшы з ганка, ён азірнуўся — запрасіў «госця» ісці ўслед за ім.

«І тут няма спакою! Але ж і надакучлівы!» — падумаў Бока. Аднак, як чалавек ветлівы, падпарадкаваўся, бо вырашыў: ён, відаць, хоча пахваліцца тым, што ў яго ў хляве.

Гаспадар, падалося Боку, дужа спяшаўся, бо ўвесь час пазіраў угору, на неба, як быццам адтуль яму падаваў сігнал нябачны паплечнік. Яны мінулі хлеў і апынуліся каля вымураванага ўваходу ў склеп. Адчыніўшы дзверы, глуханямы пачаў сыходзіць па стромкіх драўляных прыступках. Агеньчык свечкі затрымцеў, нібы пагражаючы патухнуць, — але той нават не звярнуў на гэта ўвагі. Апынуўшыся ўнізе, на бетанаванай пляцоўцы, ён азірнуўся і памахаў Боку, запрашаючы і тут узяць з яго прыклад. Наш герой нерашуча ступіў на лесвіцу. І адразу ж два вялізныя цені заскакалі па сценах склепа.

Апынуўшыся ўнізе, Бока заўважыў на адной са сцен цёмны ўваход, вышынёю ў чалавечы рост. Ён прыгледзеўся — і здагадаўся, што гэта тунель. Няяркае святло свечкі не дазваляла вызначыць яго глыбіню. А тым часам глуханямы пакіраваў проста да тунеля.