Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 11

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Ну а я — пан Шадурскі,— адрэкамендаваўся «глуханямы» і таксама пакланіўся, — гаспадар Асвеі.

«Ну й маніць, — падумаў хлопец, але змоўчаў. Ён вырашыў, што не варта пакуль што выкрываць гэтых камедыянтаў.— Хочуць разыграць мяне. Што ж, няхай паспрабуюць. У рэшце рэшт смяецца той, хто смяецца апошні». Гэтая думка спадабалася яму, ён нават ухмыльнуўся.

Знаёмства хоць крыху, ды прыемна ўсхвалявала ўсіх. Цяпер яны ўсміхаліся адзін аднаму, нібыта іх чакала свята. Нават змрочны на выгляд Скарлоцы пазіраў на Боку прыязна. Ён як быццам жадаў сказаць яму: «Ну няхай сабе, гэтым разам лаяцца з табой не буду».

— Цудоўна, — сказаў Шадурскі.— Вось і пазнаёміліся. Пра астатняе ў нас яшчэ хопіць часу пагаманіць. А зараз, панове, некалькі слоў пра нашу праграму на сёння.

— Не забудзьцеся на абяцанае паляванне, — нагадаў Скарлоцы.

— Сапраўды, тата, ты абяцаў,— нечакана горача падтрымала гэтую ідэю панна.

— Не забыўся, — заспакоіў іх Шадурскі.— Спадзяюся, панове, што сёння склеп з яго скарбамі нам не перашкодзіць, — заўважыў ён і рагатнуў.— Дык вось, прашу выслухаць. Першае — паляванне, — абвясціў ён.

Скарлоцы і панна Яніна крыкам ухвалы падтрымалі гэтую задуму.

— Куды скіруемся? — пацікавіўся Скарлоцы.

— У Сар'інскі лес, — адказаў Шадурскі.— Там лоўчыя бачылі цэлы вывадак русакоў… Так, а надалей: вяртанне і полудзень. Як папалуднуем…

— Крыху адпачнём, — уставіў сваё слова Сліва.

— Ну вядома ж, пан Сліва, — пагадзіўся Шадурскі.— Потым будзем плаваць пад ветразем. Калі Бог дасць вецер, то абяцаю, панове, што атрымаеце непараўнаную асалоду.

— А ці можна… адмовіцца ад плавання? — папрасіўся таўсмач. Ён патлумачыў: — Справа ў тым, што мяне, — тут ён скасавурыўся на панну, — як той казаў… загойдвае.

— Хто не жадае, той няхай застаецца на беразе, — адказала за бацьку панна.

— Не-не, я паплыву, — адразу ж памяняў сваё рашэнне таўсмач. — Проста я не прывык да марской гайданкі…

— Ды дзе вы бачылі ў нас мора?! — усклікнула панна. — У нас — возера!

— Я і хацеў сказаць, — прамовіў таўсмач. З незадаволеным выразам на твары ён раптам пачаў скардзіцца: — О, калі б вы ведалі, панна, колькі я вытрымаў пад час маёй вандроўкі ў Берберыю?! Я плыў на караблі! Быў моцны шторм! Хваля змыла нашага капітана!.. — Ён хацеў працягваць. Але тут нейкая думка прыйшла яму ў галаву. Ён абярнуўся да нашага героя і папытаўся: — А ў якім гэта берберыйскім горадзе вы маеце гонар жыць? Я ведаю амаль усе гарады ў вашай вялікай краіне…

Гэтае пытанне выклікала ў размове затрымку. Вядома ж, Бока не ведаў, што адказаць, і прамоўчаў; а яго новыя сябры чакалі ад яго адказу. Выручыў Шадурскі, які сказаў:

— Не зараз, панове, не зараз. Па дарозе ў нас будзе час перамовіцца з панам Вальдэмарам. А тым часам трэба паспяшацца. Пара пераапранацца. Прашу вас. — І ён скрануўся, каб пайсці.

— Адну хвілінку, пан Шадурскі,— спыніў яго Скарлоцы. — Што, гэта і ёсць уся ваша праграма?.. Вы ж абяцалі паказаць сваю чарадзейную яблыню.