Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 87

Юрий Аркадьевич Татаринов

Панна Марыя пачырванела. Ёй здалося, што князь прачытаў яе думкі. І ўсё-такі яна не разгубілася. Яна падумала, што, прыблізіўшы Яна да князя, яна такім чынам прыблізіць яго да сябе.

— Так, менавіта такога, якога вам трэба, — упэўнена адказала яна.

— Каго ж? — Князь Станіслаў нават спыніўся. Яго зацікавіла нечаканая прапанова пляменніцы.

— Ян з Кляціхі. Я знаёма з ім з маленства. І таму ўпэўнена, што ён дастойны. Ён — музыкант. Ведае грамату. А галоўнае: ён добры. Пра яго ніхто не скажа дрэнна.

Князь усміхнуўся.

— Прабач, — тут жа павініўся ён, — проста ніяк не магу звыкнуцца з тваёй лаяльнасцю да халопаў. Разумею, ты з маленства была ў асяродку нізкага саслоўя. І ты павінна памятаць: гэтыя людзі — твае падданыя. Не больш! І пара табе зразумець, што ты не роўня ім, што Богам табе прадвызначана ўладарыць над імі. З дзяцінствам пакончана! Забудзь старых сяброў і завядзі сабе новых — у другім лагеры, лагеры сабе роўных. Бог падзяліў людзей па іх крыві. Кожнаму сваё: адным — уладарыць, другім — падпарадкоўвацца. Трэцяга не існуе. Забудзь усё, што было раней, шчасце маё, забудзь! Я перасяліў цябе ў замак для таго, каб ты пачала новае жыццё. І адзінае, аб чым шкадую, што не зрабіў гэтага раней.

— Значыць, вы адмаўляеце мне ў маёй просьбе? — панура запытала панна Марыя.

— Ты пра што? — здзівіўся князь. І адразу ж успомніў: — Ах, пра гэтага халопа… Чаму ж, прапанова слушная. У бліжэйшы час я выклікаю яго і пагавару з ім. Не сумнявайся.

Алея вывела іх да мяжы парка, туды, дзе знаходзіўся мост праз абводны канал. Далей рассцілалася прасторная зялёная паляна, у цэнтры якой, на пагорку, узвышалася белакаменная капліца. Побач з капліцаю стаяў убогі зруб з адзінаю трубою над страхою. На схіле пагорку густа ляпіліся перакошаныя драўляныя крыжы. Да капліцы, праз поле, нібы працяг цэнтральнай паркавай алеі, вяла звілістая вузенькая сцяжынка.

— А вось і Папова горка, — сказаў князь, паказваючы рукою ў той бок, куды глядзела панначка, — тая самая, пра якую я табе казаў. Ну, скажы, ці не займальная мая ідэя? Алею падоўжыць да падножжа горкі, а там раздвоіць, абхапіўшы горку ў колца. — Фантазіруючы, ён праводзіў рукою ў паветры лініі і кругі.

Тым часам яны мінулі мосцік. Іх сустрэў паклонам стары вартаўнік. Але князь нават не звярнуў на яго ніякай увагі.

У хуткім часе ён і панна Марыя наблізіліся да падножжа горкі. Некалі на гэтым пагорку былі звычайныя праваслаўныя могілкі. Невялікая капліца на ім уяўляла сабою чатырохкутны ў аснове будынак з купалам у выглядзе цыбуліны. Сцены яе былі тоўстыя і дастаткова добра захаваліся. Толькі купалу быў патрэбны рамонт: ён трэснуў і прыкметна нахіліўся. Побач з капліцаю стаяла несамавітая хатка з двума акенцамі. З коміна струменіўся ледзь прыкметны дымок. Узнімаючыся на горку, князь і панна Марыя прайшлі скрозь лес драўляных крыжоў. Дзверы каплічкі былі расчынены. Можа, таму князь рашыў зайсці туды…