Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 86

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Мне падабаецца ваш парк, — шчыра прызналася панначка.

— Вось і добра, — адказаў князь. І дадаў: — Я задумаў пашырыць яго. Сягоння модна будаваць паркі ў месцах, якія маюць адносіны да гісторыі або звязаны з якой-небудзь легендаю, скажам, на месцы замкавых развалін. Старыя могілкі, старажытныя гарадзішчы, месцы іх пакланення — вось тое, што хвалюе цяперашніх гурманаў мастацтва, прымушае працаваць іх фантазію. Сапраўды, гэтыя месцы нечым своеасаблівыя, нездарма продак звярнуў на іх сваю ўвагу. Яны адзначаны нейкім знакам лёсу.

Тэма, якую закрануў князь, зацікавіла панну Марыю. Мінулае прыцягвала яе сваёй таямнічасцю і веліччу. А тым часам князь разважаў:

— Пашырыць Стары парк збіраюся за кошт тэрыторыі Паповай горкі. Гэта падоўжыць прагулачны маршрут. Давядзецца аднавіць капліцу і ліквідаваць гэты прытулак.

— Учора пан Гнезскі казаў мне, што гэты прытулак належыць праваслаўнаму братэрству, — заўважыла панна Марыя.

— Праўда, — здзівіўся дасведчанасці пляменніцы князь, — у тым вось і ўся справа. Братэрства катэгарычна адмаўляецца прадаваць зямлю. Аднак я свайго даб'юся!

Апошнюю фразу князь вымавіў упэўнена, — было зразумела, што ён ад свайго не адступіць.

— Тым самым вы пакараеце ўбогіх і бяздомных, — асцярожна запярэчыла панна Марыя.

— Ды не, я — не злодзей, — адказаў князь. — Я куплю Папову горку, каб пашырыць парк. Усе яе святыні будуць захаваныя. Што ж тычыцца прытулка, то я пабудую другі, У цэнтры горада. Ён будзе больш умяшчальны і больш зручны. Няхай гэта стане жэстам міласэрнасці ў імя збавення ад маіх грахоў.

Цяжка ўздыхнуўшы, князь перахрысціўся. Панна Марыя здзівілася: «Пра якія грахі ён кажа?» Аднак выпытваць не стала. Тым часам князь працягваў:

— Каб ажыццявіць задуманае, трэба мець добрага садоўніка. І вось што я прыдумаў.— Ён памаўчаў з хвіліну. — Я не жадаю карыстацца паслугамі нанятага майстра. Паркавае мастацтва — гэта далікатнае мастацтва. Тут маеш справу з жывым матэрыялам. Парк, як малое дзіця, патрабуе клопату кожны дзень. Я не хачу запрашаць замежнага майстра, бо ведаю: той абкрадзе мяне і праз год-другі пакіне сам-насам з многімі клопатамі. Задумка мая ў наступным: я навучу майстэрству садоўніцтва сваіх людзей. Дзеля гэтага мне ўжо сягоння падбіраюць таленавітую моладзь з маіх падданых. Думаю паслаць іх на паўгода-год павучыцца. А калі вернуцца, будуць у мяне свае садоўнікі. Яны-то ўжо не падманяць, паклапоцяцца аб маім парку. Вазьму іх з сабою ў бліжэйшую паездку. І пакуль яны будуць асвойваць навуку, выкуплю Папову горку.

Прызнанне князя ўсхвалявала панну Марыю: яна адразу ж падумала, што яе Ян мог бы трапіць у лік гэтых шчасліўчыкаў! Жадаючы зрабіць добрае для каханага, яна вырашыла закінуць за яго добрае слоўца. Але перад гэтым яна спытала:

— Якім дарам павінен валодаць той, каму вы хочаце аддаць перавагу? Умець маляваць? Ведаць грамату?

— Гэта не галоўнае, — адказаў князь. — Важна, каб ён меў унутраную культуру. І каб ён валодаў фантазіяй. Я сам размаўляю з кожным з прэтэндэнтаў. Мой выбар строгі. Толькі адзін з тузіна раней адабраных халопаў будзе мець гонар адправіцца на вучобу. Прызнаюся табе, я здзіўлены: столькі таленавітай моладзі ў бядняцкіх сем'ях!.. А чаму ты спытала? Што, у цябе ёсць нехта на прыкмеце?