Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 85

Юрий Аркадьевич Татаринов

VII

У гэтую ноч панна Марыя заснула адразу…

Ёй прысніўся дзіўны сон. Вада, прабягаючы па вялікім млынавым коле, надала, разбіваючыся на безліч пырскаў. Блікі і манатонны шум вады супакойвалі панначку. «Яго голас, як шум вады вялікай», — чулася ёй аднекуль здалёк. Яна працягнула рукі і адчула халодныя пырскі на далонях. Туман асвяжаў яе твар. Яна бачыла кропелькі вады на сваіх валасах: яны свяціліся, як блакітныя смарагды. З асалодаю ўдыхала яна свежае паветра. І ўсё-такі ёй хацелася нечага большага… Азірнуўшыся, яна раптам убачыла Яна. Той набліжаўся. Позірк хлопца быў, як заўсёды, ласкавы. Ян узняў скрыпачку і ціха зайграў: яна пазнала яго мелодыю! Гукі ўскружылі галаву, і ёй захацелася заплакаць ад асалоды. У мелодыі чуліся спеў салаўя, звон падаючых у ваду пырскаў, пчаліны гул. Гэтыя гукі выклікалі ў яе свядомасці прыемныя ўспаміны. Адзін успамін чаргаваўся за другім. І ў гэтым было столькі ж асалоды, колькі і ад палётаў у сне. Менавіта так часам уначы душа яе гаварыла з душою маці, калі тая, нябачная, аднекуль з цемры заклікала яе да супакаення і пакорлівасці. Толькі цяпер замест голасу маці ёй чулася музыка… Яна паклала галаву на плячо Яна. Юнак апусціў скрыпку, абняў панначку. Ад залішняга прыемнага пачуцця панначка застагнала… Раптам яна павярнулася і ўбачыла, што прыціскаецца да стройнага дрэва. На яго кары паблісквалі кропелькі вады. І тады яна зразумела, што яны з Янам — дрэвы, тыя самыя дрэвы, што бачыла каля дарогі. Панна Марыя адчула, як абвівае Яна; пачула яго палымяны шэпт. І яна ўзрадавалася — падумала, што цяпер яны будуць заўсёды разам.

Яна прачнулася ад незвычайнай цішыні. З адчыненага акна не было чуваць нават стракатання конікаў. Свяча дагарала, пускаючы прагорклы дым. Панначка падняла галаву, закашлялася… За акном было цёмна, на неба насунуліся чорныя хмары.

Доўга потым варочалася яна. Нарэшце заснула. Але на гэты раз яе сон быў чуйным і трывожным.

VIII

На наступны дзень, раніцаю, князь запрасіў пляменніцу прагуляцца па Старому парку.

Гэты парк размяшчаўся за межамі тэрыторыі замка. Ён цягнуўся па беразе ракі, якая з дапамогаю дамбы ператварылася ў вялікае возера, і быў зрэзаны каналамі. Шырокая цэнтральная алея, на якой праз кожныя пяцьдзесят крокаў стаяў мрамарны бюст якой-небудзь антычнай знакамітасці, падзяляла яго на дзве часткі. Па абодва бакі алеі былі разбіты кветнікі. Мосцікі ў парку былі ўсе адной формы — у выглядзе дугі. Разам са сваім адлюстраваннем у вадзе такі мосцік збоку выглядаў, як кола. Дрэў у парку было няшмат, затое кожнае з іх уяўляла сабою закончаны жывапісны малюнак. Кожная галінка, кожны кавалачак зямлі ў гэтым райскім месцы гаварылі пра клапатлівую руку чалавека. Цэнтральную дарожку сцягваў падстрыжаны кустарнік; у адным месцы была наладжана алея.

— Можаш наведвацца сюды ў любы час, — казаў князь. — Апроч вартаўнікоў і садоўнікаў, тут нікога не бывае.