Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 84

Юрий Аркадьевич Татаринов

Панна Марыя расказала яму пра дуб і сасну. Пан Кржыш ведаў пра гэты феномен прыроды, але зрабіў выгляд, што чуе пра яго ўпершыню. Невядома, у якім бы напрамку працягвалася іх размова, калі б раптам з расчыненага акна не данёсся працяжны роў. Тое задавальненне, якім былі напоўнены іх душы, умомант змянілася разгубленасцю. Здалося, быццам у пакоі раптоўна разбілі крыштальную вазу.

— Што гэта? — з трывогай запытала панна Марыя. Пан Кржыш толькі цяпер зразумеў, наколькі чуллівае яе сэрца. Шкадуючы панначку, ён падумаў, што ёй будзе нялёгка ў замку, дзе так мала чыстых і адкрытых душ. Жадаючы супакоіць яе, ён патлумачыў:

— Гэта Ціхі Маўр, наш мядзведзь.

Панначка парывіста падышла да акна. З вышыні другога паверха яна ўбачыла тую самую цесную пляцоўку, паміж агароджаю і сцяною палаца, дзе размяшчаліся клеткі з птушкамі. Як раз пад акном залы картатэкі знаходзілася яма з мядзведзем. Ціхі Маўр стаяў на задніх лапах і роў. Выглянуўшы з акна, панна Марыя ўбачыла і князя Іржыка. Седзячы ў калясцы, той спрабаваў сцебануць мядзведзя пугаю. Злосць звера весяліла свавольніка. Кожны раз, калі мядзведзь адказваў на яго сцёбанне рыкам, малады князь гучна рагатаў. І тады здавалася, што гэта смяецца не чалавек, а д'ябал. Парык так і хадзіў на галаве паніча, то закрываючы яму вочы, то звальваючыся на плечы. Дземянцей, стоячы побач з каляскаю, раз-пораз папраўляў яго. Панначка азірнулася на бібліятэкара. Яе позірк пытаўся: «Што ён робіць? Навошта?» Але сарамяжлівы пан Кржыш, хоць і зразумеў яе, не прараніў у адказ ні слова.

Між тым Іржык ужо ў каторы раз з усяе сілы ўдарыў мядзведзя па галаве. Пуга разляцелася ўшчэнт. Гэтая акалічнасць прывяла прыдурка ў захапленне. Ён так падскочыў, што парык паляцеў у яму.

Раз'юшаны мядзведзь, як страла, кінуўся да ўбору свайго ворага. Схапіўшы парык зубамі, ён з лютасцю стаў ірваць яго зубамі, быццам гэта быў яго мучыцель.

Панна Марыя адышла ад акна, задумалася. Пан Кржыш, разумеючы яе стан, прапанаваў:

— Пойдзем у суседнюю залу. Вокны адтуль выходзяць на прыстань.

Яму хацелася супакоіць госцю, адцягнуць яе ўвагу ад таго, яшчэ не знаёмага ёй, жыцця, дзе ўладарыць уседазволенасць. Яны прыйшлі ў даволі прасторнае памяшканне з зашклёным дахам. Гэта была бібліятэка Эрдзівілаў, адна з самых знакамітых у Еўропе. Зала здавалася бязмежна высокаю. Кнігі размяшчаліся на паліцах уздоўж сцяны; побач з кожнаю паліцаю стаяла драўляная лесвіца. Залу ўпрыгожвалі гіпсавыя бюсты старажытных філосафаў. Спецыяльная Малая зала бібліятэкі, куды пан Кржыш праводзіў панначку, прызначалася для знаёмства з рэдкімі рукапісамі і дакументамі. Тут, у шафах, захоўваліся пісьмы Пятра І, Людовіка XV і XVI, Карла XII, Багдана Хмяльніцкага. Пан Кржыш паказваў давераныя яму на захоўванне бясцэнныя фаліянты і з падрабязнасцю расказваў пра лёс кожнага з іх. Ён хацеў, каб панна Марыя як мага хутчэй забыла пра непрыемную сустрэчу. Але ён адчуваў, што той душэўны стан, з якім прыйшла да яго госця, пакінуў яе. Панначка слухала, але думала ўжо пра нешта сваё…