Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 83

Юрий Аркадьевич Татаринов

Пан Кржыш паправіў акуляры, адклаў убок пяро і выйшаў з-за канторкі.

— Вечар добры, яснавяльможная панна. Калі ласка, праходзьце. Мае справы няспешныя, іх заўсёды можна адкласці.

Калі б панна Марыя была больш праніклівай, яна прачытала б у вачах бібліятэкара не толькі збянтэжанасць. Гадоў трыццаці, пан Кржыш наўрад ці прызнаўся б нават самому сабе ў тым, што ён адчуў, убачыўшы ўчора панну Марыю. Між іншым, тая сустрэча, здавалася, усё перавярнула ў ім…

У свой час, шукаючы сакратара, князь Станіслаў нездарма звярнуў увагу на гэтага чалавека. Яму спадабалася яго ўменне слухаць. Сапраўды, гэта быў дар пана Кржыша. І гэта прыцягвала да яго. Як гаспадары, так і прыслуга міжволі шукалі ў бібліятэкара падтрымкі. І яны знаходзілі яе. Пан Кржыш валодаў здольнасцю супакойваць: ён захоўваў у сабе талент духоўніка. У гэтую сферу неверагоднага яго абаяння трапіла і панна Марыя.

Пан Кржыш паказаў на крэсла каля акна:

— Прашу вас, панна Марыя.

Ён пачакаў, пакуль яна сядзе. Потым сеў сам. Яго маўчанне прымусіла госцю пачаць размову першай.

— Мне захацелася бліжэй пазнаёміцца з вамі,— шчыра прызналася яна. — А яшчэ я хачу паглядзець бібліятэку. Пасяліўшыся ў замку, трэба ведаць усе яго аксесуары.

Яна змоўкла, чакаючы, што адкажа ёй пан Кржыш. Але ён маўчаў. Панначка, якая прывыкла да таго, што ў яе акружэнні мужчыны, як правіла, балбатлівыя, здзівілася яго маўчанню. І таму яна ўвесь час імкнулася завязаць з ім размову.

— Я тут мала з кім знаёма. А іншы раз так хочацца пагаварыць. Зразумейце мяне.

Шчырасць, якая прагучала ў яе голасе, прыемна ўразіла пана Кржыша. Ён нават пачырванеў. У ім прачнулася пяшчота да госці. Меланхолік, маўчун, педант, ён адчуў жаданне гаварыць, жартаваць, смяяцца. Яму ўжо здалося, што раней ён не сустракаў істоты больш чароўнай і мілай. Такая ўжо была яго натура: пан Кржыш быў страшэнна ўлюблівы. Ён мог закахацца, не выходзячы за сцены замка, калі толькі бачыў сімпатычны тварык з вакон сваёй бібліятэкі; ён мог закахацца на вуліцы, калі бываў у горадзе. Канечне, пачуцці гэтыя былі платанічныя. Аднак ён ніколі і нікому не прызнаваўся ў каханні. Ён быў да дзівацтва нясмелы. Князь з задавальненнем пагадзіўся б стаць яго сватам і нават шчодра адарыў бы яго. Але маўчун так ні разу і не завёў з ім размовы на гэтую тэму. Таму ў замку над ім пасмейваліся. Людзі не разумелі, што ўся справа — у асаблівым, чулым і ранімым характары гэтага чалавека.

Упершыню парушыўшы свае «прынцыпы», пан Кржыш сказаў у гэты вечар больш, чым дазваляў сабе звычайна. Хвалюючыся, ён вымавіў:

— Я бачыў вас сягоння раніцаю. Вы садзіліся ў экіпаж.

І адразу ж фраза гэта здалася яму верхам нетактоўнасці. Калі б дзівак ведаў, што менавіта сардэчнасць панначкі і прымушае яго адкрываць рот, ён паводзіў бы сябе куды больш натуральна.

— О, гэта была цудоўная прагулка! — ахвотна прызналася панна Марыя. — Уявіце сабе, мы бачылі цыган. Яны спявалі і скакалі. З імі быў сапраўдны мядзведзь. І ён таксама скакаў.

Забыўшыся, пан Кржыш глядзеў на панначку, не зводзячы вачэй. Ніхто з гаспадароў не размаўляў з ім так даверліва. На імгненне яму нават здалося, што яны з паннай Марыяй знаёмы амаль з дзяцінства. Яму захацелася сказаць ёй што-небудзь ласкавае, падзяліцца чым-небудзь патаемным. Аднак ён прамаўчаў.