Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 82

Юрий Аркадьевич Татаринов

Пракаціўшы па дамбе, экіпаж спыніўся каля новенькага будынка вадзяной мельніцы. Некалькі работнікаў займаліся дахам. Над будынкам круцілася агромністае кола. Шум падаючай вады заглушаў стук сякер. Госці выйшлі з карэты. Перад імі раптам з'явіўся поўны, з шырокай барадою млынар. Яго фігура нечым нагадвала круглую бутыль, а чырвоны твар захоўваў выраз той засяроджанасці, які быў на мордзе сустрэтага па дарозе мядзведзя. Пакланіўшыся прыезджым, млынар прыняўся дакладваць:

— Устанавілі камень і механізмы. Запусцілі галоўны вал. Ужо робім просты размол.

Князь пажадаў паглядзець работу механізмаў. Панначцы давялося пайсці з ім у будынак.

Гэта быў новы княжацкі млын, які абяцаў гаспадару значны барыш. Панну Марыю здзівілі памеры жорнаў і галоўнага вала. Ёй паказалася, што круціцца вялізная печ. Вось вала круцілася, прыводзячы ў рух шківы. Механізмы стваралі ілюзію, як быццам запусцілі гіганцкі вежавы гадзіннік. Здавалася, што вось-вось зайграе музыка і раздасца бой…

Затым млынар павёў прыезджых да плаціны. Міжволі ўсе затрымаліся каля вадаспада. Рух вады, шум, туман ад дробных пырскаў уражвалі панну Марыю значна больш, чым расказ млынара. Вада, якая прабягала да кола і прыводзіла яго ў рух, раптам убачылася ёй шматлікім натоўпам. Людзі штурхалі кола жыцця. Панна Марыя хацела бачыць сябе ў гэтай усеагульнай стараннасці. Ёй хацелася знайсці ў ёй сваё месца…

Яна так задумалася, што не заўважыла, як зноў апынулася ў карэце. Шум вады змяніўся на знаёмы тупат капытоў. Князь і ўсе тыя, хто суправаджаў яго ў гэтай паездцы, зноў былі побач. Экіпаж нёсся далей.

Князь час ад часу паглядваў на пляменніцу. Ён маўчаў, аднак па выразу твара адчувалася, што ён думае пра яе. Яго гонар казытала думка аб тым, што з сягонняшняга дня ў горадзе толькі і будуць гаварыць, што пра яго цудоўную пляменніцу… Не ўтрымаўшыся, ён раптам узяў яе руку і пацалаваў.

Панна Марыя здзіўлена глянула на яго. Яна хацела спытаць, што з ім, але ў тую ж самую хвіліну яе ўвагу прыцягнуў стук у пярэдняе акенца. Гэта прыказчык падміргнуў ёй і зрабіў вясёлую грымасу. Панна Марыя адкінулася на спінку сядзення, ціхенька засмяялася: «Гэтыя добрыя людзі любяць мяне і жадаюць мне дабра». Яе вочы заблішчэлі ад радасці. Яна адчула сябе шчасліваю.

VI

У гэты ж дзень, увечары, панна Марыя адправілася ў замкавую бібліятэку.

Учора, у час першай сустрэчы, пан Кржыш выглядаў сціплым і тактоўным чалавекам. Ёй захацелася бліжэй пазнаёміцца з ім. Да таго ж ёй вельмі хацелася падзяліцца сваімі ўражаннямі пра ранішнюю паездку.

Яна ўвайшла ў залу картатэкі.

Бібліятэкар, стоячы за канторкай, нешта пісаў. Яго круглыя, у металічнай аправе акуляры з'ехалі на кончык носа. Пачуўшы шорах сукенкі, ён узняў галаву.

Панначка ўсміхнулася яму:

— Вечар добры, пан Кржыш. Прашу прабачыць за тое, што перашкодзіла вам працаваць.