Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 81

Юрий Аркадьевич Татаринов

Паслужлівы пан Чаляднік адчыніў дзверку экіпажа, каб князь і яго пляменніца маглі лепей разглядзець гэты спектакль. Князь Эрдзівіл усміхаўся. Ён адчуваў шчырасць у разудалай весялосці гэтых людзей. А на твары панны Марыі — поўнае захапленне. Панначка пляскала ў далоні.

Музыка сціхла так нечакана, як і пачалася. Танцоры нізка пакланіліся князю. Мядзведзь, атрымаўшы ў лапы шапку, падышоў у суправаджэнні павадыра да карэты і таксама пакланіўся да зямлі. Князь засмяяўся, зрабіў знак прыказчыку, каб той аддзячыў музыкантаў. Варлампій кінуў залаты пад ногі мядзведзю. Цыганы, нібы па камандзе, усе разам ізноў пакланіліся ў пояс! Нарэшце задаволены князь зрабіў знак, каб рушыць у дарогу.

Экіпаж адправіўся далей. Сустрэча з цыганамі ўразіла князя і панначку. Занятыя сваімі думкамі, яны глядзелі кожны ў сваё акенца…

Часам карэта абганяла якога-небудзь падарожніка, і кожны раз коннікі, якія суправаджалі князя, пры гэтым гучна крычалі: «Дарогу! Дарогу яго міласці!» Убачыўшы экіпаж і коннікаў, людзі падалі на калені. У павазе да Эрдзівілаў, як быццам, сумнявацца не даводзілася. І ўсё-такі панна Марыя адчувала, што людзьмі, якіх яна бачыла з акна карэты, правіць не столькі любоў, колькі страх. Суровыя княжацкія коннікі сачылі за кожным сустрэчным і тых, хто, на іх думку, не праяўляў рабалепства, каралі плёткаю. У Кляцісе ўсё было не так. Калі яна гуляла з нянькаю ці служанкаю дзе-небудзь за межамі сядзібы, людзі сустракалі яе перш-наперш усмешкаю. Яны кланяліся, а некаторыя з пажылых нават асмельваліся звярнуцца да яе…