Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 80

Юрий Аркадьевич Татаринов

Выкаціўшы на гасцінец, экіпаж панёсся хутка, як вецер. З-пад колаў заклубіў пыл, засцілаючы ахоўнікаў, якія скакалі ззаду.

Ад хуткай язды ў панны Марыі захапіла дух. Яна глядзела ў акенца на дрэвы, якія мільгалі паабапал дарогі,— і ёй хацелася крычаць ад нечаканага захаплення, якое пасялілася ў яе душы. Начны перапалох быў зусім забыты; адступілі самотныя думкі. Маладосць узяла сваё: панначка ізноў стала вясёлая. Наперадзе, за акенцам, побач з фурманам сядзеў пан Чаляднік. Іншы раз ён азіраўся і строіў панначцы смешныя грымасы. І гэтая нямая гульня забаўляла яе, як дзіця.

І вось першыя ўражанні ўлягліся. Панна Марыя адкінулася на спінку сядзення і аддалася марам. Яна падумала, што з князем Станіславам ёй будзе добра. Князь бачыўся ёй моцным, упэўненым і адначасова добрым, пяшчотным. Ёй было спакойна побач з ім.

Яе летуценнасць перапыніў нечаканы прыпынак. Пан Чаляднік абышоў экіпаж, адчыніў дзверку з боку князя, сказаў:

— Ваша міласць, вось тое самае месца. Можа, панначка захоча паглядзець…

Князь, які паспеў ужо задрамаць, спахапіўся:

— Ах, так-так, зусім забыўся. — І тут жа звярнуўся да пляменніцы: — Марысечка, анёл мой, выйдзем на хвілінку. Я пакажу табе два цікавыя дрэвы.

Пан Чаляднік дапамог выйсці князю; потым абышоў карэту і дапамог панначцы. Экіпаж ад'ехаў на некаторую адлегласць…

— Ну, канешне, гэта яны, — пазнаўшы дрэвы, сказаў пан Станіслаў.

Непадалёку, на паляне, перад падарожнікамі стаялі два дрэвы: малады стройны дуб і невялікая сасна, якая абвівала яго, як лаза. Здавалася, яны раслі з аднаго кораня.

— Пра гэтыя дрэвы вядома некалькі легенд, — патлумачыў князь, калі ён і панна Марыя выйшлі на паляну. — На розны лад трактуецца адно і тое ж: кажуць, што гэта нібыта зачараваныя юнак і дзяўчына. — Ён усміхнуўся, даючы зразумець, што не верыць падобным расказам. Затым заўважыў: — Недахоп адукаванасці ў народа кампенсуецца фантазіяй.

Аднак панна Марыя не прыняла яго скепсіс. Яна заўсёды адчувала сябе бяззбройнай перад містыкай. Убачыўшы дрэвы, яна міжволі і адразу ўпэўнілася, што гэта сапраўды зачараваныя юнак і дзяўчына. Здавалася, іншага вываду і не магло быць. У гэтым спляценні сасны з дубам столькі дзявочай пяшчоты і адданасці!.. Стройны, кучаравы дуб выказваў сур'ёзнасць і задумлівасць… Сентыментальная душа панны Марыі адклікнулася на гэты феномен. Ёй захацелася пачуць гісторыю пра гэтыя дрэвы, аднак усмешка князя спыніла яе ад роспытаў. Даючы зразумець, што надышоў час ехаць, князь найшоў да экіпажа…

Праз хвіліну яны ізноў несліся па гасцінцы. За вокнамі карэты мільгацелі дрэвы. А панна Марыя ўжо не магла забыць тое, што ўбачыла на паляне. Паддаючыся сваёй унутранай упэўненасці, яна гаварыла сабе, што ўжо лепей быць дрэвамі ды разам, чым — людзьмі і ўсё жыццё паасобку. Пры гэтых думках слёзы міжволі наварочваліся на яе вачах…

Пан Чаляднік ізноў павярнуўся да акенца і крыкнуў:

— Цыганы, ваша міласць! З мядзведзем! Князь тут жа патрабаваў:

— Спыні!

Крыху пракаціўшы, экіпаж спыніўся. Коні захраплі, падаліся назад. Карэту акружыла група цыган. Барадатыя, з доўгімі валасамі, у пунцовых кашулях, людзі гэтыя чамусьці нагадвалі панначцы фазанаў, якіх яна бачыла сёння раніцай. У руках некаторых цыган былі інструменты: бубен, гітара і нават скрыпка. Адзін з іх, у высокім капелюшы з чырвонага сукна і з нагайкаю на плячы, трымаў за вяроўку невялікага бурага мядзведзя. Цыганы гарлапанілі, працягвалі рукі да дзвярэй карэты, атрымоўваючы за гэта плёткай ад коннікаў, выкрыквалі нешта несуразнае, задраўшы, як глушцы, галовы. Нарэшце яны запелі… Спачатку адзін зацягнуў штосьці тужлівае. А калі скончыў, адразу ж прагучала некалькі гітарных акордаў, быццам нехта намерваўся парваць струны. Запілікала скрыпка. Музыканты нібыта прыладжваліся адно да другога, гралі нястройна. І вось мелодыю, пачатую спеваком, падхапіў хор. Крок за крокам тэмп песні паскараўся, падобна руху павозкі, якая кранулася з месца. Праз хвіліну-другую мелодыя з тужлівай зрабілася вясёлай, раздольнай. Застукаў бубен, цыганы пачалі прытанцоўваць. Яны ўтварылі невялікі круг на абочыне перад экіпажам. У цэнтр круга ўвайшоў цыган з мядзведзем. Музыка, а можа, нейкія загады гаспадара прымусілі звера скакаць. Стоячы на задніх лапах, ён круціўся, як паненка, і прысядаў, як падпіты мужык, пры тым адну пярэднюю лапу ён трымаў паднятаю ўверх, а другою браўся ў бокі. Рухі яго былі вялымі і нязграбнымі, аднак, гледзячы на тое, як ён стараецца, міжволі разбіраў смех. Тыя цыганы, што былі без інструментаў, таксама кінуліся ў скокі. Нязграбнасць звера толькі падкрэслівала майстэрства і спрытнасць танцораў, якія скакалі вакол яго. Пыл засцілаў цыган да пояса, аднак яны не звярталі на гэта ніякай увагі. Яны аддаваліся танцу цалкам, забыўшы, здаецца, дзе яны і перад кім.