Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 79

Юрий Аркадьевич Татаринов

— А што гэта за пабудова вунь на тым пагорку? — пацікавілася панначка, паказваючы рукой ужо на супрацьлеглы бок. — Там столькі крыжоў…

Гнезскі азірнуўся.

— Старая капліца, — патлумачыў ён. — Гэты пагорак называюць Паповаю горкай. Там знаходзіцца прытулак для бедных вандроўнікаў. Ну а крыжы — старыя праваслаўныя могілкі. Гэта месца належыць праваслаўнаму братэрству.

За белаю, з перакошаным купалам каплічкай панна Марыя ўбачыла драўляную пабудову, якую Гнезскі назваў «прытулак». Міжволі яе пацягнула на Папову горку. Яна адразу ж вырашыла, што ў бліжэйшы час абавязкова наведаецца туды.

Між тым Гнезскі, нешта абдумаўшы, звярнуўся да панначкі з просьбаю:

— Панна Марыя, хачу папрасіць вас аб адной паслузе. Спадзяюся, яна вас не вельмі абцяжарыць…

Ён раптам сумеўся, апусціў вочы. У сваю чаргу яго нечаканая нясмеласць выклікала ў яе здзіўленне.

— Вы нешта хацелі, пан Гнезскі,— адазвалася яна. — Калі ласка, кажыце, што ў маіх сілах, я дапамагу.

— О, вы сама дабрыня, — адказаў мастак. — Гаворка ідзе пра жаданне зрабіць ваш партрэт. Ці не маглі б вы знайсці дзеля гэтага хоць адну гадзіну вашага ранішняга часу?

— Надоечы, здаецца, князь даў згоду на вашу прапанову. Я не пярэчу, — прызналася панначка. — Трэба толькі нагадаць яму пра вашу прапанову яшчэ раз.

Гнезскі ўдзячна пакланіўся.

— Аднак чаму ў вас з'явілася такое жаданне?

— Не хачу ліслівіць, панна Марыя, — адказаў ён. — Скажу толькі: час усё мяняе. Для чалавека мастацтва вельмі важна не ўпусціць момант натхнення. Хачу намаляваць вас менавіта такою, якою ўбачыў сягоння: нявіннай, юнай, абаяльнай і, здаецца, нават закаханай.

Панна Марыя ўмомант заірдзелася, як макавая кветка. Праніклівасць мастака здзівіла і збянтэжыла яе.

— О, прабачце, калі я ўварваўся ў вобласць патаемнага, — заўважыўшы яе збянтэжанасць, сказаў Гнезскі.— Ні ў якім разе не хацеў вас пакрыўдзіць.

Панна Марыя ўзнялася:

— Трэба ісці, пан Гнезскі. Правядзіце мяне. Запэўніваю вас, ваша прапанова не сустрэне з майго боку ніякіх пярэчанняў. Перагаварыце з князем.

Той жа сцяжынкай яны вярталіся ў замкавы двор. І калі наблізіліся да парадных дзвярэй, з суседняга тунеля раптам выбег Дземянцей. За ім, з гіканнем, выкаціў на калясцы Іржык. Доўгаю пугай блазнюк імкнуўся ўдарыць грамілу. Пуга так і свісцела ў паветры. Слуга выкручваўся, прыгінаўся, і ўсё ж такі яму даставалася: кроў сачылася па яго твары і руках. Нарэшце, стаміўшыся, гарэзнік кінуў пугу. Ён асцярожна падкаціў да адной маладой служанкі, якая глядзела на яго, і раптам задраў ёй сукенку. Віск маладой служанкі змяшаўся з ідыёцкім смехам блазнюка. Наколькі страшна і сорамна было ёй, настолькі ж весела было другому…

Панна Марыя адвярнулася, парывіста пайшла ў пакоі.

V

Адразу пасля снядання да парадных дзвярэй галоўнага замкавага будынка быў пададзены экіпаж — раскошны чацвярык, запрэжаны ў ярка-чырвоную, упрыгожаную золатам карэту. А праз некаторы час стары князь, панна Марыя і пан Чаляднік, у суправаджэнні тузіна малайцоў з княжацкай дружыны, адправіліся ў Замір'е.