Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 78

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Якая жорсткасць! Няўжо дзядзя адабрае падобнае?

— Стары князь — не. Ён — чалавек бясстрасны. Затое гэтая забава захоплівае князя Іржыка. Для яго паляванне — сапраўдная радасць. З таго часу як я жыву ў замку, ён забіў, па меншай меры, з дзесятак мядзведзяў.

Панна Марыя прыціхла. Тоненькая зморшчынка — прыкмета асобай унутранай засяроджанасці — з'явілася ў яе над пераносіцаю. Панначка задумалася над тым, як дапамагчы бедалазе, які сядзіць у яме. Яе здзівіла, што мядзведзь нават ні разу не паглядзеў у іх бок. Здавалася, звер разумеў, што яму ўгатавана лёсам, і сканцэнтраваў на гэтым усе свае думкі… Гнезскі, жадаючы ўзбадзёрыць панначку, кінуў у яму каменьчык. Мядзведзь глянуў туды, куды ўпаў каменьчык, аднак уверх, на людзей, так і не паглядзеў.

— Раскажыце мне пра маладога князя, — папрасіла панна Марыя. — Мне здалося, што ён не ў сваім розуме.

— О не, — тут жа запярэчыў Гнезскі,— з галавою ў яго якраз усё ў парадку. Проста гэта вялікі хітрэц. У замку ўсе ведаюць сапраўдную прычыну яго вар'яцтва: паніч без меры распешчаны. Не памылюся, калі скажу, што гэта самы распешчаны чалавек ва ўсім свеце. — Гнезскі азірнуўся на вокны і, звярнуўшы ўвагу, што яны зачынены, працягваў ужо прыглушаным голасам: — Наколькі я разумею, пан Іржык — «стварэнне» княгіні. Яна ўпэўнена, што ён дрэнна чуе, што ў яго хворыя ногі, што ён слабы і ўвогуле нешчаслівы, і таму ўсё яму дазваляецца. Між іншым малады князь карыстаецца гэтым! Яму выгадна выглядаць ідыётам! Бо калі ён павядзе сябе разумна, на яго адразу ж надзенуць хамут. А так — і вучыцца не трэба, і выконваць наказы бацькоў не трэба. Поўная свабода разбэсціла яго канчаткова. Думаю, ужо нішто не можа выцягнуць яго з прорвы невуцтва, у якой ён апынуўся на волі бацькоў.

— А калі ён не ходзіць, значыць, сапраўды хворы!

— Расказвалі, неяк у дзяцінстве ён зваліўся з другога паверха. Пашкодзіў спіну. Яго вазілі на калясцы. Дактары вылечылі яго. Ва ўсякім разе ён пачаў хадзіць… Аднак гэта рэдкі гультай. Навошта яму хадзіць, калі можна ездзіць! Дземянцей — гэта конь у вобразе чалавека — завязе яго хоць на Месяц!

Па спіне панны Марыі прабеглі мурашы, размова гэта стала ёй непрыемная.

— Адвядзіце мяне адсюль, — папрасіла яна. — Тут мала сонца.

Гнезскі ўзяў яе за руку. Яны сталі падымацца па стромкай лесвіцы — туды, дзе на самым узвышшы стаяла круглая, апавітая вінаградам, альтанка…

Уладкаваўшыся ў альтанцы, Гнезскі і панна Марыя некалькі хвілін маўчалі. Панна Марыя любавалася краявідамі возера. А Гнезскі, не адводзячы сваіх вачэй, глядзеў на прыгажуню. Яго зацікавіў профіль яе твару.

— Адсюль відаць нават касцёл! — нечакана з захапленнем заўважыла панначка.

Гнезскі не адказаў. Ён па-ранейшаму ўглядваўся ў твар панны Марыі.

— Мне хочацца паглядзець на вашы роспісы, што ў касцёле, — прызналася яна.

— Калі ласка, — адказаў майстар. — Я працую ў касцёле кожны дзень. Прыходзьце, як толькі ў вас будзе вольны час.