Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 77

Юрий Аркадьевич Татаринов

І вось яны апынуліся на вялізным двары, які быў акружаны высокімі дварцовымі будынкамі. Сярэдзіну двара ўпрыгожвала агромністая круглая клумба, на якой красавалася некалькі карлікавых дрэў. Прайшоўшы па ўсланай дробным каменем брукаванцы, панна Марыя і Гнезскі завярнулі ў паўкруглы тунель, які быў зроблены пад адным з дварцовых будынкаў. Мінуўшы яго, яны апынуліся на цеснай пляцоўцы, з аднаго боку якой была высокая каменная агароджа, а з другога — сцяна замкавага дварца. Тут уздоўж агароджы размяшчаліся вальеры з дзівоснымі птушкамі. У клетках сядзелі фазаны, арлы. У адной з іх знаходзіўся прыгажун паўлін. Панна Марыя была шчыра здзіўлена.

— Божа! — усклікнула яна. — Якія прыгожыя птушкі! Паглядзіце, пан Гнезскі, паглядзіце!..

Асабліва зачаравалі яе чырвоныя фазаны. Яны былі рухавыя, але не забывалі і пра асабістую годнасць. Афарбоўкаю сваіх пер'яў і ганарыстым выглядам яны нагадвалі ватыканскіх стражнікаў.

— Бажанты, — на польскі лад назваў птушак правізар. — У Летнім парку іх вырошчваюць сотнямі.

— Навошта так многа? — пацікавілася панначка. Гнезскаму не хацелася расчароўваць сваю цудоўную суразмоўніцу — мяса фазанаў ішло на стол гаспадарам замка, — таму ён зрабіў выгляд, быццам не чуў пытання. Аднак тут жа звярнуў яе ўвагу на каменны парапет, за якім знаходзілася даволі глыбокая і вялізная па плошчы яма.

— А вось тут у нас Вялікі Маўр, — казаў ён, імкнучыся захаваць зацікаўленасць панначкі.

Панна Марыя, азіраючыся на птушак, якія ёй спадабаліся, падышла да парапета. Яна зірнула ў той бок, куды звярнуў яе ўвагу Гнезскі, і нечакана ўбачыла на дне ямы вялікага чорнага мядзведзя… У першае імгненне ёй здалося, што гэта выварацень пяцісотлетняга дуба. Мядзведзь сядзеў на паляне, звесіўшы плечы, як мужык пасля цяжкай работы, і сумотна ўзіраўся кудысьці ў кут. У яго паставе і асабліва ў вачах ўгадваўся вялікі смутак. Здаецца, звярніся да яго цяпер з пытаннем, і ён на чалавечай мове пачаў бы горка скардзіцца…

— Хто яго пасадзіў туды, бедалагу?! — усклікнула спагадлівая панначка. — Яго трэба зараз жа выпусціць!

Гэтае заступніцтва здзівіла Гнезскага нават больш, чым некалькімі хвілінамі раней прыгажосць панны Марыі. Ён зразумеў, што мае справу з істотай нявіннай і сардэчнай. Рэдка яму даводзілася бачыць у тых, у каго ён служыў, падобныя вартасці.

— Гэта ўсяго толькі «цацка», яго трымаюць дзеля забавы, — паспрабаваў растлумачыць мастак.

— Не разумею, — адказала панначка. — Што тут забаўнага? Разумная і высакародная жывёліна сядзіць у яме, мучыцца жаданнем выбрацца на волю… Пра якую забаву вы гавораце?..

Гнезскі сумна ўсміхнуўся.

— Наколькі я ведаю, — казаў ён, — у замку заўсёды трымалі мядзведзяў. Іншы раз нават двух, а то і трох.

— І што з імі рабілі?

— Мілая панна. Вы ж ведаеце, мядзведзь — гэта страсць паляўнічага. Паляванне на яго — кульмінацыя любой забавы. А Эрдзівілы заўсёды былі страснымі паляўнічымі.

— Вы хочаце сказаць, што мядзведзяў забівалі?

— Асабіста я не бачу задавальнення ў тым, каб забіць звера. — Гнезскі націснуў плячыма. — Злоўленага мядзведзя трымаюць у яме да таго часу, пакуль гэта не надакучыць гаспадарам, — прадаўжаў расказваць ён. — Пасля яго выпускаюць у Летні парк, на паляну, каб застрэліць…