Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 76

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Нічога, нічога, — адказаў Гнезскі і зрабіў яшчэ адзін крок. Яго зачаравала ўбачанае, сэнс і вартасць якога ведаў толькі ён адзін. — Стойце, не рухайцеся, — нечакана папрасіў ён.

Панна Марыя, трывога якой узмацнілася, моўчкі глядзела на мастака. Яна прачытала ў яго вялікіх чорных вачах здзіўленне. Здавалася, Гнезскі збіраўся сказаць: «Няўжо гэта сон?»

Нарэшце, апамятаўшыся, ён прагудзеў:

— О, прабачце прагнага шукальніка натхнення. Я працую да позняй ночы, рана прачынаюся. У мяне толькі адзін клопат: дзе ўзяць сілы для новых фантазій. А тут уваходжу — і на табе, падарунак ад Госпада — вы! Такая ясная, мілая, спакойная! Ну проста Джаконда!.. І потым, гэты дзіўны арэол промняў над вашай галавой! Ці паверыце, вашы валасы адсвечваюць?!

Яго ўрачыстая прамова, выразныя жэсты, якімі ён імкнуўся дапамагчы свайму расказу, хутка супакоілі панначку. Яна адчула, што ў гэтым магутным і высокім, як таполя, чалавеку, апранутым у вытанчаны бірузовы кафтан, тоіцца добрае і чыстае сэрца. Ёй захацелася пагаварыць з ім.

— Вы гулялі? — спытала яна.

— О так, — адказаў Гнезскі.— Узяў сабе за звычку рабіць пасля сну некалькі кругоў па замкавым вале. Гэта дадае бадзёрасці і жадання працаваць.

Кожная фраза мастака змянялася працяглай паўзаю. Гнезскага больш займалі назіранні, чым сама размова.

— Ніяк не чакаў убачыць вас так рана, — прызнаўся ён.

— Князь абяцаў узяць мяне сягоння за горад. Вось і прачнулася раней, — патлумачыла панна Марыя. — Я прывыкла рана падымацца. Дома я кожную раніцу гуляла па расе.

— Дзе менавіта?

— У сваім парку… О, парк быў маім другім пакоем! — ахвотна прызналася панна Марыя. — Я ведала там кожны каменьчык. Там столькі сонца! І кожнае дрэва навявала такую фантазію! Там ёсць дрэва-слон, дрэва-мыш, дрэва-пяшчора.

Твар Гнезскага ажывіўся, ён нават усміхнуўся. Яму спадабалася яе непасрэднасць.

— У вас ёсць пачуццё бачання цудоўнага, — паліслівіў ён ёй. — Вы не спрабавалі займацца якім-небудзь мастацтвам?

— Мастацтвам? — панна Марыя здзівілася. — Не. Я люблю назіраць, слухаць. Люблю жыццё…

— Калі жадаеце, я магу даваць вам урокі малявання, — прапанаваў ён.

— Наўрад ці ёсць у мяне здольнасці да малявання, — адмовілася панначка.

Гнезскі не настойваў, толькі спытаў:

— У вас знойдзецца некалькі вольных хвілін?

— Толькі да таго моманту, калі мяне пакліча князь. А што?

— Хачу прапанаваць вам невялікую прагулку па замкавым вале.

— Ці магчыма гэта? — у голасе панны Марыі прагучала сумненне. — Князь будзе шукаць.

— Ён прачнецца не хутка. Запэўніваю вас. Да гэтага часу мы вернемся. Да таго ж я зараз паведамлю пра наш намер вашай служанцы.

Панна Марыя не паспела запярэчыць, як засталася адна. Хуткі на рашэнні, Гнезскі адправіўся папярэдзіць Агнешку. У калідорах, у прыхожай і недзе на двары вазіліся слугі. Яны падмяталі, палівалі, націралі. Іх размераная мітусня ўносіла ў свядомасць панначкі нейкую трывогу.

Але трывога яе ўляглася, як толькі Гнезскі вярнуўся.

— Папярэдзіў,— сказаў ён. — Цяпер ваша служанка будзе ведаць, дзе мы. Пойдзем.

Яны накіраваліся да выхаду.