Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 75

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Ды які ён юродзівы! — шчыра запратэставала Агнешка. — Ён такі ж, як усе. Проста страшэнна распушчаны і лянівы. Ды ён у нас ніводнай дзяўчыны не прапусціць. Тыя ведаюць яго схільнасць да пралюбадзейства і абыходзяць яго за вярсту.

— Значыць, малады князь здаровы? — са здзіўленнем спытала панначка.

— А то як жа, — адказала Агнешка. — І разумны, як равін. Проста ў зман усіх уводзіць.

Напамінак аб вырадку падказаў панне Марыі нядобрае прадчуванне. Яна прамаўчала. Служанка адгадала яе думкі, заспяшалася яе суцешыць.

— Не хвалюйцеся, панначка, — ласкава сказала яна. — Павые д'ябал, дый перастане. Вось ужо і не чуваць. — І яна папрасіла:

— Кладзіцеся ўжо спаць. Ніхто вас не пакрыўдзіць. Спіце спакойна.

Яе ласкавы голас, а галоўнае — яе прысутнасць сапраўды хутка супакоілі панну Марыю. Яна ўсміхнулася і сказала:

— Дзякуй, Агнешка. Ты такая добрая.

— Цяпер ніхто не будзе перашкаджаць вам, — папраўляючы коўдру, сказала Агнешка. — Хіба толькі княжна Барбара.

— Княжна Барбара?

— О, не хвалюйцеся, панначка. Шлёпанне яе босых ножак — цішэй ветра. І потым, вы ж ведаеце, яна — добрая.

Пра добры замкавы прывід — княжну Барбару — панначка чула неаднойчы. Кранаючая гісторыя далёкай сваячкі заўсёды засмучала яе… Выдадзеная замуж за караля, Барбара ў хуткім часе пасля вяселля была атручана бессардэчнай свекрывёю. Пазней душа княжны перасялілася ў родны замак. З таго часу кожную ноч княжна Барбара гуляла па калідорах замка. Іншы раз гарэзнічала: тушыла начнікі, стукала ў дзверы, нават пела. Яе жалобную песню многія прымалі за плач ветра на вуліцы. Тым не менш, Барбару не баяліся, бо былі ўпэўнены, што зла яна не прынясе…

— Так, так, — пагадзілася панна Марыя. Ёй хацелася верыць, што ў замку не так ужо і страшна, як ёй здавалася. — І ўсё-такі ты застанься, — папрасіла яна. І тут жа прызналася: — З табою мне будзе больш спакойна. — Паволі вейкі яе апускаліся долу, і яна адчувала, што засынае.

IV

На наступны дзень панна Марыя прачнулася рана. Апрануўшыся, яна выйшла на калідор другога паверха. У замку панавала рабочая мітусня: прыслуга займалася прыбіраннем. Да бляску націраліся падсвечнікі, паркет, чысціліся дываны. Нават тыя памяшканні, дзе гаспадарам даводзілася бываць хоць адзін раз у год, прыбіраліся, быццам перад вялікім святам. Неўзабаве панначка апынулася каля шырокай параднай лесвіцы, упрыгожанай масіўнымі разнымі парэнчамі. Унізе, у прыхожай і на самой лесвіцы, таксама кіпела работа.

Нечакана адчыніліся масіўныя дзверы, і ў прыхожай з'явіўся пан Гнезскі. Яго парык, які ўражваў сваімі памерамі, чымсьці сапраўды нагадваў грыву льва. Мастак быў бадзёры ад вулічнай прагулкі; на яго шчоках гарэў румянец. Заўважыўшы панначку, пан Гнезскі пакланіўся і сказаў:

— Добрай раніцы, панна Марыя.

Панначка адказала яму з усмешкай. Ёй сапраўды было прыемна бачыць тут гэтага чалавека. Той зрабіў некалькі крокаў уверх па лесвіцы і раптам спыніўся — утаропіўся здзіўленымі вачамі на панначку.

— Што з вамі? — усхвалявана спытала яго панна Марыя.