Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 74

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Агнешка, мілая! — ласкава загаварыла панначка. — Я не хацела цябе пакрыўдзіць! Што з табою?

Яна абняла служанку, пагладзіла яе па плячы.

— Я не магу… не магу гаварыць. Мне не дазволена, — патлумачыла сваё непаслушэнства Агнешка. — Калі я скажу, мяне пакараюць. Я баюся…

— Я не выдам цябе, — заверыла яе панна Марыя. — Пагадзіся са мной, павінна ж я ведаць праўду. Хто гэта стогне? Можа, камусьці патрэбна дапамога? Чаму б нам не пайсці цяпер і не дапамагчы таму няшчаснаму?..

— Што вы, што вы! — раптам запратэставала Агнешка. — Не ідзіце туды, ваша міласць! Гэта нядобрыя стогны!

— Чые ж яны?

Агнешка апусціла вочы. Потым азірнулася, каб упэўніцца, ці няма каго ў пакоі. Нарэшце яна зашаптала гаспадыні на вуха:

— Гэта… княгіня Ізабэла. Яна часта вось так… Амаль кожную ноч, — Служанка ўздрыгнула, ізноў азірнулася. Яна яўна хацела расказаць, на яе думку, нешта неверагоднае. — Д'яблы, панначка, адолелі яе! Усе ў гэтым замку ўпэўнены, што старая княгіня — вядзьмарка. Кажуць, яна можа перакінуцца ноччу ў воўка або ў саву. Сцвярджаюць, што нават бачылі, як робіць яна гэта ў сваёй спальні: напусціць дыму, дзіка закрычыць. Слугі прыбягуць да яе, думаюць, што яна заве іх, — а яе ўжо і няма! Толькі сераю ды мышамі пахне. А потым, пад раніцу, з'яўляецца злосная, стомленая. Кладзецца і спіць да абеду. — Агнешка раптам апусцілася на калені, схіліла галаву. — Не загубіце, панначка, не выдавайце мяне! — маліла яна. — Не знасіць мне галавы, адсякуць яе разам з маім доўгім языком…

— Не хвалюйся, мілая, — ласкава адказала ёй панна Марыя. — Нікому не скажу. Ды і няма тваёй віны ў тым, што ты расказала. Ты паведала тое, пра што ведае ў замку кожны. Калі-небудзь я ўсё роўна пачула б пра гэта.

— Слугі ўпэўнены, — супакоіўшыся, працягвала Агнешка, — што княгіня звязалася з нячысцікамі пасля таго, як пахавала сваю маці-вядзьмарку. Перад смерцю тая нібыта перадала ёй чарадзейную сілу. Старыя слугі добра памятаюць тую яе страшэнную перамену.

— Няўжо нельга зняць з яе гэта д'ябальскае насланнё? — спытала панначка.

— Як знімеш? Сіла тая толькі са смерцю і адыходзіць…

— І шмат у яе грахоў?

— Ды столькі, колькі дзянёчкаў мінула з таго часу.

— Няўжо?

— Так, панначка. Грашыць яна начамі, грашыць днём. Дзе малое дзіцяці знойдуць без крывінкі, а дзе цэлая сям'я раптам знікне, калі дзверы ў хаце забылі заперці. Нібыта перакідвае яна людзей у ваўкалакаў, і тыя вымушаны бегчы ў лес… О, яна шмат зла ўчыняе! Б'е ўсякага, хто пападзе ёй пад руку, судзіць несправядліва. Падданыя баяцца яе, як ката. А дзеці, як убачаць яе экіпаж, бягуць куды вочы глядзяць. І кухара нашага забіла ні за што.

— Госпадзі, якія жахі ты гаворыш?!

Выццё спынілася. Адразу ж зменшыўся і страх панны Марыі. Яна ўжо не верыла байкам служанкі.

— Я расказала тое, што чула, — адказала Агнешка. — Нічога не дабавіла. Вось вам мой крыж. — І яна, пацвярджаючы сапраўднасць сваіх слоў, перахрысцілася. — Ды і як не верыць, ваша міласць, калі чэрава яе парадзіла такога вылюдка.

— Не кажы так! — строга загадала ёй панна Марыя. — Юродзівыя, калекі — боскія людзі! Не табе асуджаць іх!