Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 73

Юрий Аркадьевич Татаринов

У гэты дзень, дзень іх знаёмства, панна Марыя пашкадавала яе.

III

Мітуслівы і напружаны дзень нарэшце скончыўся. Новая служанка Агнешка дапамагла панне Марыі распрануцца, паправіла агарак свечкі і, пажадаўшы гаспадыні добрай ночы, пайшла ў суседні пакой.

Панначка ўладкавалася зручней у ложку, раскрыла кнігу і збіралася пачытаць. Праз прыадчыненае акно даносілася стракатанне конікаў. Нягледзячы на стомленасць, заснуць на новым месцы было цяжка. Панну Марыю мучыла незразумелая трывога: то перад ёй паўставаў твар княгіні, з вялікай і непрыемнай радзімкай на шчацэ, то ўспамінаўся свавольнік, які так нечакана з'явіўся сягоння ў Сталовай зале. Яго рэзкі — быццам крык сарокі — голас да гэтага часу стаяў у вушах. Ад гэтых успамінаў рабілася моташна. Не першы раз начавала яна ў замку. Але калі раней яна ведала, што праз дзень-другі пакіне замак, то цяпер страшнае прадчуванне, што больш не ўбачыць роднага дома, не давала ёй спакою.

У пакоі было душна. Да таго ж не давалі спакою яшчэ і люстэркі. Яны былі размешчаны такім чынам, што панна Марыя, знаходзячыся ў ложку, бачыла сябе ў кожным з іх. Дастаткова было паварушыцца, як адразу ж уздрыгвалі ўсе яе адлюстраванні. Да гэтай малпавай мімікі сцяны ёй яшчэ належыла прывыкнуць.

Адчуваючы, што сон не прыходзіць, яна саскочыла з ложка і, узяўшы са століка свечку, падышла да акна. Ёй захацелася паглядзець на возера. Агеньчык свечкі сляпіў вочы. З адчыненага акна павявала прахалодаю. У цемры гладзь возера бачылася агромністаю пустэчай, і толькі лёгкае пагойдванне белаватых суднаў падказвала, што там — вада…

Кароткая прагулка — ад пасцелі да акна і наадварот — крыху супакоіла панну Марыю. Ёй нарэшце захацелася спаць. Яна задзьмула свечку, скруцілася абаранкам і заплюшчыла вочы.

І толькі яна пачала засынаць, як раптам пачула недзе ў далечыні выццё… Яно было нямоцным, ледзь чуваць, і здзіўляла сваім тэмбрам: у ім адчуваўся вялікі адчай. Здавалася, нехта зваў да сябе, жадаючы падзяліцца сваім горам. Часам выццё заціхала, але праз якую хвіліну яно пачынала гучаць ізноў, прычым мацней за ранейшае. І тады здавалася, што галосіць нехта на калідоры… Халадзеючы ад жаху, панна Марыя саскочыла з ложка.

— Агнешка, Агнешка! — напалоханая цемрай і гэтым выццём ускрыкнула яна. — Дзе ты? Адгукніся!

— Я тут, — адазвалася з цемры маладая служанка і падбегла да яе: — Што з вамі, ваша міласць?

Замест адказу панна Марыя жэстам запрасіла прыслухацца. З хвіліну яны стаялі ў абсалютнай цішыні. Выццё паўтарылася… Недзе ў аддаленым пакоі стагнаў чалавек.

— Што гэта? — спытала панначка.

— Я… не ведаю, — няўпэўнена адказала Агнешка.

Панна Марыя адчула, што служанка нешта ўтойвае ад яе.

— Кажы, — ціха, але патрабавальна загадала яна. Агнешка апусціла вочы долу, маўчала. Панна Марыя падступіла да яе бліжэй і раптам пачула, што служанка ўсхліпвае.