Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 70

Юрий Аркадьевич Татаринов

Пакуль князь гаварыў, твар мастака мяняўся. Ён глянуў на панну Марыю — і з таго імгнення ўжо не мог адарваць ад яе позірку. Здавалася, ён збянтэжыўся ад нечаканасці, ва ўсякім разе было зразумела, што князя ён не чуе. Замест таго каб пакланіцца панначцы пасля прадстаўлення, пан Гнезскі па-ранейшаму тарашчыў на яе свае вочы. Ён ужо чуў аб прыездзе госці, але не ўяўляў сабе, што панна Марыя незвычайнай прыгажосці. Адчуўшы нарэшце, што сваім позіркам бянтэжыць панначку, ён нізка пакланіўся і ледзь чутна вымавіў:

— Рады пазнаёміцца з вамі, яснавяльможная панна. — І тут жа шчыра прызнаўся: — Прабачце, аслеплены…

— А-а, папаўся, — паціраючы рукі, усміхнуўся князь. — Вось і злавіўся першы карась на нашу вуду! — І самазадаволена дадаў: — Ужо хто-хто, а пан Гнезскі ў прыгажосці толк ведае!

Пан Гнезскі прапусціў міма вушэй і гэтыя словы князя. Ён, не адрываючыся, прагна глядзеў на прыезджую. Верагодна, ён мог дазволіць сабе заставацца дастаткова незалежным, хоць і знаходзіўся на службе такога знакамітага вяльможы.

— Вельмі прыемна, — усміхаючыся, адказала панна Марыя. Ёй спадабалася шчырае прызнанне Гнезскага. Яна адчула, што гэты чалавек не ліслівіць ёй.

— У нашай галерэі захоўваецца некалькі партрэтаў работы пана Гнезскага, — працягваў рэкамендаваць мастака князь.

Ён хацеў штосьці дадаць, але Гнезскі нечакана звярнуўся да яго:

— Ваша міласць, спадзяюся, вы не будзеце пярэчыць, калі я прапаную папоўніць вашу калекцыю… партрэтам вашай пляменніцы?

— О не, не! — узрадаваўся князь. — Добрая ідэя! Больш таго, я прашу вас зрабіць гэты партрэт! Лічыце, што я даў вам заказ!

На тым яны і разышліся.

Пасля князь завёў пляменніцу ў бібліятэку, дзе пазнаёміў яе з высокім лысаватым чалавекам у круглых жалезных акулярах, панам Кржышам, старэйшым замкавым бібліятэкарам.

Нарэшце яны зайшлі ў пакоі, якія былі ёй адведзены. У адзін з іх ужо былі занесены куфры. Служанкі раскладвалі ў шафы сукенкі і бялізну. Большую частку спальні займаў высокі ложак; адна сцяна пакоя была люстраная; асобныя дзверы выходзілі на калідор. Увайшоўшы ў спальню, панна Марыя, паддаючыся інстынкту свабоды, у той жа час памкнулася да акна, адкуль прасціралася панарама блакітнага возера. Каля прыстані стаяла некалькі невялікіх суднаў з ветразямі. Гэтае незвычайнае відовішча на імгненне прымусіла яе забыць пра тое, дзе яна знаходзіцца.

— Які цуд! — усклікнула яна.

Князь наблізіўся да яе, пацалаваў руку. Яму не было патрэбы глядзець у акно, бо ён кожны дзень бачыў тое, што робіцца каля сцен яго замка. Сёння яго займала куды большае «відовішча» — яго госця. Ён любаваўся яе вачамі, у якіх можна было прачытаць непадробнае здзіўленне, яе голасам і гладка зачасанымі бялявымі валасамі.

— Выслухай мяне, маё сонейка, — сказаў ён.

— Так-так, я слухаю, — адказала панна Марыя і павярнулася тварам да князя.

Заўважыўшы, што завалодаў увагаю пляменніцы, гаспадар замка сказаў:

— Твая радасць, якую я чытаю на тваім мілым тварыку, для мяне найбольш гаючая, чым усякі бальзам. Гляджу на цябе — і нібыта маладзею. — Ён азірнуўся ў бок возера, туды, куды толькі што глядзела госця, і, уздыхнуўшы на поўныя грудзі, дадаў: — Дзіўна! Толькі цяпер, здаецца, зразумеў, у чым сапраўднае прызначэнне жыцця!