Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 68

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Вялікім Маўрам мы называлі мядзведзя, які жыў у нашай яме, — патлумачыў апавядальнік як мага хутчэй.

Ён спыніўся, зірнуў на пляменніцу. Яго позірк быў зусім бязрадасным. Так стомлены хворы глядзіць раніцай у акно на зялёную траўку і птушак, якія пераскокваюць з галінкі на галінку. Вочы яго свяціліся, але ўсё ж было відаць засмучэнне.

— Ты вельмі падобная на сваю маці,— сказаў ён, потым задумаўся і працягваў: — Я распарадзіўся перавесці цябе ў замак не дзеля настальгічных пачуццяў. І пакуль жывы, я павінен паклапаціцца аб нашчадку, прадаўжальніку роду. Я хацеў бы, каб менавіта ты дапамагла мне ў гэтым, супакоіла мяне, перш чым я пакіну гэты мітуслівы свет. Гэта прыцішыць маю віну ў адносінах да цябе. Хто, як ні я, бліжэйшы сваяк, абавязаны паклапаціцца пра тваю будучыню. Табе ўжо семнаццаць. Ты — дзяўчына дарослая. І хопіць табе сядзець з нянькамі. Надышоў час спасцігаць навукі, якія патрабуе свет. Нарэшце, варта ўжо і паказаць сябе. Нельга ўвесь час сядзець пад замком, у вёсцы. Я хачу выпісаць для твайго навучання самых прыстойных настаўнікаў. Прывязу іх восенню з Еўропы. Прабач, што шчырую, не пытаючыся тваёй згоды. Але даверся мне, маё сонейка, я жадаю табе дабра. Я ведаю законы нашага роду і зраблю ўсё сумленна. Цябе не пакрыўдзяць мае прапановы. Адразу скажу, што ты можаш рабіць так, як пажадаеш. Адзінае, пра што цябе папрашу: дапамажы мне. Ты павінна стаць гаспадыняй і духам гэтага старога замка. І калі людзі даведаюцца, што тут, у Эрдзівілаў, з'явілася маладая, прыгожая і выхаваная фея, замак будзе нібы ў асадзе. О, як ён ажыве! Сюды пададуцца самыя вядомыя людзі. Ужо не па запрашэнні паедуць яны сюды, а па ўласнай волі! І калі ў твой «палон» трапіць самы прыстойны з іх, я буду шчаслівы, што не дарэмна пражыў жыццё і што род мой будзе прадаўжацца. Думка аб гэтым дапаможа мне памерці спакойна…

Князь хадзіў па зале, гаварыў і размахваў рукамі. Здавалася, ён сапраўды верыў у магчымасць ажыццяўлення сваіх планаў.

— Разумею, — працягваў ён, — табе няпроста адарвацца ад роднага дому, забыць акаляючае цябе асяроддзе, пакінуць забавы і звычкі. Тут у цябе будзе зусім іншае жыццё. Ты павінна прызнаць, што тваё дзяцінства скончылася. Дзе ж ты дзенешся, калі нам, Эрдзівілам, даводзіцца несці такі нялёгкі крыж. Гэта — лёс. Тут нам нікуды не дзецца.

Нарэшце князь дарэшты выгаварыўся і прыціх. Ён працягваў пахаджваць па зале, але яго позірк прыняў выраз звычайнай засяроджанасці, паступова пачало знікаць хваляванне. Князь сказаў тое, што хацеў, і супакоіўся, палічыўшы справу, якую ён задумаў, скончанай. Больш нічога са сваіх задумак ён пакуль што скрываць не збіраўся.

Паддаючыся логіцы яго разважанняў і ўпэўненасці ў голасе, які не церпіць пярэчанняў, панна Марыя ў душы была ўдзячная яму. Яна адчула ў разважаннях князя галоўнае — цеплыню і клопат у адносінах да яе і адказала: