Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 69

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Абяцаю, што буду слухацца вас. Вам не будзе за мяне сорамна — ні перад настаўнікамі маімі, ні перад кім іншым. Абяцаю таксама, што буду любіць вас, як любіла сваіх бацьку і маці.

Голас і абяцанне панны Марыі прагучалі для князя, як цудоўная музыка. Ніколі ніхто не гаварыў яму нічога падобнага. На імгненне ён нават падумаў, што гэта сам нябесны анёл адказаў яму.

— Ты, радасць мая, можаш разлічваць на мяне, — сказаў ён. — Усе мае слугі з гэтага часу — твае рабы. Усё, што спатрэбіцца табе, ты можаш патрабаваць. Я ўсё выканаю. Хутка я наеду па справах сойма. Але не думаю, што разлука наша будзе доўгаю. Ты пачнеш вучыцца. І табе не будзе калі сумаваць. Ну а пасля цэлую зіму мы будзем разам!

На гэтую скупую ласку панна Марыя адказала ўсмешкай. Падспудна яна адчувала, што жыццё ў замку для яе не будзе вясёлым. А таму нават такая маленькая светлая перспектыва выклікала ў яе радасць.

Князь Станіслаў нечакана прапанаваў:

— Заўтра мы можам адправіцца ў якое-небудзь маленькае падарожжа. Не пярэчыш?

— О не! — шчыра прызналася панна Марыя і на імгненне нават захліпнулася ад шчаслівага пачуцця.

— Пан Чаляднік, — звярнуўся да прыказчыка князь Станіслаў.— Што ў вас заўтра?

— Замір'е, ваша міласць, — тут жа адрапартаваў вусач.

— Выдатна. Заўтра раніцай не забудзьце папярэдзіць маладую панну.

Варлампій моўчкі пакланіўся.

— Вы такі добры, дзядзечка! — міжволі ў вачах панны Марыі паказаліся слёзы. Яна не чакала, што князь Станіслаў, якога да сённяшняга дня ўяўляла не інакш, як буркуном, будзе такі спагадлівы да яе. — Такі добры! — паўтарыла яна і нечакана апусцілася перад ім на калені.

— Што ты, што ты, радасць мая! — усклікнуў князь і, абдымаючы, падняў яе. Дастаўшы хусцінку, ён пачаў выціраць ёй слёзы.

— Што падумаюць слугі! Ніколі так больш не рабі! Помні, мы з табой аднае крыві. Ты — моцная і павінна быць каралевай у сваім каралеўстве.

Ён узяў яе за руку і сказаў:

— Пайшлі, я пакажу табе твае апартаменты. Гэтыя пакоі загадзя прыбралі. Спадзяюся, яны табе спадабаюцца. Да таго ж табе трэба адпачыць. З жонкаю маёй пазнаёмішся ў час абеду.

Яны павярнуліся да дзвярэй, дзе стаяў усё той жа важны лёкай. Той раптам развярнуўся і пайшоў паперадзе…

Яны пайшлі па калідоры другога паверха. У адным месцы шырокая парадная лесвіца вяла да выхаду. Але князь і яго суправаджэнне падаліся па калідоры далей. Паперадзе важна крочыў усё той жа, зачараваны сваёй важнасцю, лёкай. Замыкаў шэсце пан Чаляднік. Нечакана адчыніліся адны з дзвярэй, і ў калідоры з'явіўся высокі, гарбаносы чалавек у залацістым, ускудлачаным парыку. У першую хвіліну панне Марыі прыйшло ў галаву параўнаць яго з ільвом. Убачыўшы князя і яго світу, незнаёмец пакланіўся. Нягледзячы на тое, што яго адзенне было не надта ўжо вытанчаным, штосьці падказала панне Марыі, што гэты чалавек — не з простых і ўжо тым больш не слуга.

Князь Станіслаў усміхнуўся незнаёмцу. Спыніўшыся, ён сказаў:

— Дазволь, маё сонейка, прадставіць табе майго мастака. Пан Гнезскі. Прашу любіць і шанаваць. Гэта менавіта той, хто зрабіў роспісы ў нашым касцёле…