Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 67

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Дзядзечка… — змагла вымавіць яна і заплакала. Так патрэбна была ёй падтрымка роднага чалавека.

— Радасць мая! — усклікнуў князь і працягнуў рукі, каб хутчэй абняць пляменніцу. — Сірацінка мая! Прыехала нарэшце, радасць мая! Колькі я чакаў, не мог дачакацца гэтай хвіліны! Прыехала!.. — І князь тройчы пацалаваў панну Марыю.

Яго ласкавы голас, пацалункі хутка супакоілі панначку. Твар яе засвяціўся ўсмешкай.

Князь быў на вяршыні шчасця. І ў той жа час ён быў здзіўлены. Ён адчуваў сябе няёмка, калі цалаваў пляменніцу. Ён нават і ўявіць сабе не мог, што ўбачыць у асобе панны Марыі такую прыгажуню. Наведваючы Кляціху, ён глядзеў на бедную сірацінку, як на няўдачніцу; сапраўднага спачування ён не адчуваў. І толькі цяпер, нібы прарвала плаціну і вылілася на паверхню тое, што вось ужо больш дваццаці гадоў ён свядома хаваў у глыбіні душы. Здавалася, адкуль было ўзяцца ў ім, чэрствым сухары, такому фантану пяшчоты? Не разумеючы, што з ім адбываецца, князь разгубіўся. Ён адчуваў толькі адно: тое, што ён шчаслівы. Пацалаваўшы панначку, ён пасадзіў яе зноў у крэсла, прысеў насупраць і з цікаўнасцю пачаў разглядваць яе.

— Цяпер я ведаю, што прыгожыя дзеці бываюць толькі ад саюза, які змацаваны непадробным, шчырым каханнем, — сказаў ён упэўнена. — Твая маці была вельмі закаханая. Што толькі не рабілі бацькі, каб «вылечыць яе ад гэтай «хваробы»!.. І запіралі ў вежы, і марылі голадам… Яна не падпарадкавалася. Употай выйшла замуж. А пасля памерла — з гора, пасля дачаснай смерці твайго бацькі. Можна нават сказаць, што яна прынесла сябе ў ахвяру кахання, бо адмяла ўсе тыя выгоды, якія абяцала ёй яе становішча. І вось ты — плод таго кахання. Чыстая, цудоўная, як кветка німфеі. Я першы хачу схіліць перад табой сваю галаву.

Сказаўшы гэта, князь устаў і нізка пакланіўся пляменніцы…

Панна Марыя сядзела ні жывая ні мёртвая. Яна не чакала такога прыёму. Нават пан Чаляднік вытарашчыў ад здзіўлення вочы. Ён ужо ведаў, што князь не дазваляе сабе адвешваць паклоны нават высокапастаўленым асобам.

— Дзядзечка! — ускочыла з крэсла панна Марыя, імкнучыся спыніць сваяка.

Але князь Станіслаў ужо выпрастаўся. На яго расчырванелым твары блукала нешта падобнае на ўсмешку. Князь забыў, што такое шчасце, а таму наводзіў сябе, як юнак.

— Твая маці была зусім маленькаю, калі я наведваў школу, — працягваў ён. — Іншы раз мне даводзілася быць ёй за няньку. Маленькая, яна незвычайна была падобна на ляльку: светлыя валасы, блакітныя круглыя вочы, вусны банцікам. Яе заўсёды прыбіралі ў ружовае. Тут, у замку, яна і жыла. Помню такі выпадак. Яна бегла і спатыкнулася на парозе. Пасля доўга плакала. Нянька ніяк не магла яе супакоіць. А калі з'явіўся я і паабяцаў паказаць Вялікага Маўра, яе гэта вельмі зацікавіла. У адно імгненне яна забылася пра сваю няўдачу, усміхнулася і працягнула мне свае ручкі. Гэта трэба было бачыць!..

Успаміны ўсхвалявалі апавядальніка. Ён раптам пачаў хадзіць па зале… Яго твар прыняў звычайны выраз засяроджанасці і аскетызму. Тое, што хвілінай таму ўскалыхнула яго душу, з'явілася хоць нейкімі рэшткамі надзеі на шчасце. Усё радзей прыадчыняючы ў сабе дзверцы радасці, суровы аскет, які здавён прысвяціў сябе падрыхтоўцы да вечнага свету, міжволі ачарсцвеў, а таму за любой успышкай радасці на яго находзіла дэпрэсія.