Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 66

Юрий Аркадьевич Татаринов

Як толькі паведамілі аб прыездзе панны Марыі, яго агарнула хваляванне. Слёзы паказаліся на яго вачах, — князь зразумеў, якое вялікае значэнне для яго мела гэта дзяўчынка. Ён заспяшаўся да яе.

Панна Марыя чакала яго ў адной з залаў другога паверха. Гэта быў Рыцарскі зал. Тут сустракалі гасцей. Чакаючы выхаду гаспадароў, прыезджыя павінны былі пераканацца ў багацці Эрдзівілаў і ў іх беражлівых адносінах да гістарычных рэліквій. Тут захоўвалася калекцыя рыцарскіх даспехаў і зброі. Столь залы была ўпрыгожана каляроваю лепкаю, а сцены — старадаўнім вялізным дываном, на якім была выткана выява бітвы. Ля дзвярэй стаялі дзве муміі ў даспехах і з бердышамі. Галоўнай жа славутасцю залы быў высокі, аздоблены белым мармурам камін. Ён прыцягваў да сябе ўвагу адмысловай разьбою. На ім была адлюстравана бітва. Камін меў свой «сакрэт». Калі ў ім запальвалі агонь, разьбяныя чалавечкі ажывалі: яны пачыналі «рухаць» мячамі, палашамі, дзідамі. Водбліскі святла і гул полымя стваралі ілюзію сапраўднай бітвы: здавалася, нібыта бразгае метал, іржуць коні, страляюць гарматы, хрыпяць раненыя… Панначка сядзела ў мяккім крэсле, абабітым ярка-чырвонай парчою. Вочы яе былі заплюшчаныя. Ёй было прыемна вось так, у адзіноце, у халадку, пасядзець пасля стамляльнай дарогі.

Спачатку ў зале з'явіўся лакей і застыў ля дзвярэй. У сваёй доўгай ярка-зялёнай ліўрэі, з цвёрдымі, як жалезныя лісты, фалдамі, вузкіх панталонах, туга напятых канарэечных панчохах з падвязкамі, цяжкіх чаравіках, у доўгім парыку і пальчатках, ён нагадваў шыкоўна апранутага манекена. Твар яго, аж занадта напудраны, захоўваў веліч, нібы гэта быў сам кароль Польскі. Панну Марыю здзівіла яго прысутнасць…

І вось да яе данесліся ажыўленыя галасы, — у залу ўвайшлі двое. Гэта былі пан Чаляднік і князь Станіслаў. Раней панначка рэдка бачыла князя і таму здзівілася. Сваяк, здалося ёй, быў зусім маленькім, — ён быў амаль на галаву ніжэй яе. Яго мініяцюрнасць падкрэслівалася яшчэ і тым, што ён не насіў парыка. Над верхняй губой яго тапырыліся рэдзенькія рыжыя вусікі; вочы яго былі крыху выпуклыя, а таму здавалася, нібыта яны захоўваюць у сабе пачуццё страху. Князь быў апрануты ў багаты кафтан з ярка-чырвонага аксаміту, аздоблены асляпляльнымі белымі карункамі, у шаўковыя панталоны і чорныя панчохі. Ногі яго былі ўпрыгожаны лакавымі туфлямі на высокіх абцасах.

Панна Марыя паднялася і зрабіла некалькі крокаў яму насустрач.