Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 65

Юрий Аркадьевич Татаринов

З лёгкім сэрцам панна Марыя прайшла праз увесь двор да экіпажа. Ёй здалося, што яе пранеслі. Пан Чаляднік і пані Кацярына ішлі за ёю. Каля дзверак панначка прыпынілася.

— Бывайце, маці Кацярына, — сказала яна няньцы і зноў усхліпнула. — Ці ўбачымся мы калі?

Нянька моцна абняла яе.

— Не бядуй, мая прыгажуня, — сказала яна ласкава. — Абавязкова ўбачымся.

Пан Чаляднік, зразумеўшы, што спешны ад'езд зменшыць пакуты абедзвюх, падаў панначцы руку, дапамог зайсці ў экіпаж. Пасадзіўшы яе, сам сеў побач і зачыніў дзверцы.

— Бывайце, панна Марыя! — пачуліся гучныя галасы. Людзі зноў пачалі кланяцца.

Панна Марыя закрыла далонямі твар, зарыдала…

— Паехалі! — гаркнуў праз акенца фурману прыказчык. — Ды хутчэй, ты! — Непаваротлівасць слугі раззлавала яго.

Экіпаж крануўся, і натоўп расступіўся. Панна Марыя паглядзела ў акенца і ўбачыла, як ёй махаюць з усіх бакоў…

За варотамі экіпаж дагналі дружыннікі. Прытрымліваючы коней, яны рушылі за ім, не звяртаючы ўвагі на клубы пылу, які ўздымаўся з-пад колаў. Сёй-той з вяскоўцаў, хто прыехаў на провады верхам, паскакаў за канвоем. Тыя, хто застаўся, пасылалі наўздагон экіпажу сваю малітву і нябачных анёлаў-ахоўнікаў.

Частка другая

Свавольствы княгіні

I

Паводле легенды, яшчэ ў часы Гедыміна адзін з продкаў Эрдзівілаў праславіў сябе тым, што параіў пры пераправе літоўскага войска цераз раку завязаць коням хвасты і, трымаючыся за іх, дасягнуць мэты. Рэйд аказаўся ўдалым. Гедымін распарадзіўся выдзеліць дарадцу зямлю ў пажыццёвае карыстанне, — яе адмяралі пры дапамозе гуку адразу трох паляўнічых рагоў. Верагодна, у тыя далёкія часы паляўнічыя рагі гучалі мацней за цяперашнія, і ўсё ж той першы маёнтак Эрдзівілаў быў не такі ўжо вялікі. З цягам часу Эрдзівілы разбагацелі і нават атрымалі тытул князёў. Ну а тыя тры легендарныя рагі апынуліся на іх гербе.

Князь Станіслаў жыў у замку з жонкай княгіняй Ізабэлай і сынам Іржыкам. Князь быў дэпутатам сойма і даволі часта адлучаўся з замка. У такія перыяды ён жыў у сваім каменным доме ў Варшаве. А калі папраўдзе, то трэба сказаць, што з роднага гнязда яго гналі не толькі справы сойма. Князь не ладзіў з жонкаю: не размаўляў, нікуды не выходзіў і не выязджаў з ёю. Прычынай таму, як ні дзіўна, быў Іржык. Ад любога намёку на тое, што ў яго ёсць прыдуркаваты сын, князь па-сапраўднаму пакутаваў.

Аднак жыць зусім без надзеі ён не мог. Спачатку яго ўвагу прыцягвала палітычная дзейнасць. У апошні ж год яго надзеяй стала… пляменніца. Неяк, год таму, ён наведаў Кляціху, маёнтак рана памерлай сваёй сястры, і ўбачыў там панну Марыю. Увесь дзень яны правялі разам. Пляменніца яму вельмі спадабалася, і ён загарэўся жаданнем зрабіць яе дзяцей сваімі нашчадкамі, выдаўшы яе замуж за аднаго са спадкаемцаў свайго знакамітага роду. Гэта ідэя захапіла яго. І ён не бачыў асаблівых перашкод да яе ажыццяўлення. Сапраўды, Эрдзівілы розных ліній былі раскіданы па ўсёй Еўропе. Яму заставалася толькі спыніць свой выбар на кімсьці з іх і звесці маладых. Першым крокам да ажыццяўлення гэтай ідэі і было перасяленне пляменніцы ў замак. У пачатку верасня князь збіраўся ў Варшаву. Там ён меў намер сустрэцца з адным са сваіх супляменнікаў і, можа, нават запрасіць да сябе ў госці… Гэтыя планы, якія больш падыходзілі якой-небудзь свацці, і натхнялі цяпер князя Станіслава. Ён строіў іх далёка наперад. Сын панны Марыі павінен быў унаследаваць яго тытул. Яму ж ён збіраўся адпісаць і ўсю сваю маёмасць. Князь, вядома, ні з кім не дзяліўся гэтай сваёй задумай. Недаверлівы, ён асцерагаўся, што якая-небудзь выпадковасць можа нашкодзіць яму.