Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 64

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Рады бачыць вас, анёл мой, — ён пакланіўся панне Марыі. Убачыўшы слёзы на яе твары, ён дадаў: — О, я бачу, што тут без прамакальнай паперы не абысціся. — Ён падышоў і пацалаваў яе пекную ручку. Потым выняў сваю чыстую насоўку і выцер слязінкі на яе тварыку. — І калодзежа не трэба — столькі вады, — усміхаючыся, сказаў ён. — Ну, маё сонейка, выгляні з-за воблачка!

Яго ласкавы тон дарэшты супакоіў панну Марыю. Да таго ж, яе рассмяшылі вялікія, падобныя на дзве курыльныя люлькі, вусы пана Варлампія. Усмешка асвяціла яе бледны тварык.

Пасля спешнага снядання пачалі загружацца. Дружыннікі перанеслі ў экіпаж куфры і добра ўвязалі іх. Панна Марыя ў суправаджэнні пана Чалядніка і пані Кацярыны выйшла на ганак. Тое, што яна там убачыла, уразіла яе. Было яшчэ вельмі рана, і, тым не менш, на двары, перад домам, сабраўся амаль увесь кляціхінскі люд. Вартаўнік прапускаў усіх. Прыйшлі і старыя, і маладыя. Людзі з'явіліся на панскі двор без запрашэння, таму што любілі панну Марыю. Любілі яе за рэдкі дар — сардэчнасць. Яны прыйшлі, каб выказаць ёй словы падзякі і пажадаць удачы. Панначка ўспомніла, як аднойчы, у час пахавання яе маці, сабралася столькі ж людзей. Ад гэтага ўспаміну ёй зрабілася вельмі сумна. Аднак сумаваць ёй не далі.

— Шчасця вам, панначка, — сказала служанка, якая стаяла бліжэй за ўсіх. Яна пакланілася ў пояс.

Гэтак жа пачалі рабіць усе з розных бакоў. Усе людзі пачалі выказваць сваю любоў да яе нізкім паклонам.

— Мілыя, добрыя, вялікі вам дзякуй, — адказвала панна Марыя і кланялася ў адказ.

Яе ўзрадавала такая ўвага, і таму панначка зусім забыла пра свой смутак. Яна працягвала рукі для пацалунка і паўтарала:

— Дзякуй, дзякуй…

Вачамі яна шукала Яна. Тым часам ён стаяў непадалёк ад ганка, каля сцяны дома. Убачыўшы яго, панна Марыя збянтэжылася, на яе шчоках успыхнуў румянец. Яна з цяжкасцю адвяла ад яго свой позірк і звярнулася да вяскоўцаў:

— Дзякуй вам, што прыйшлі! Дай Бог, каб убачыцца яшчэ! — Голас яе ўздрыгнуў. І каб не расплакацца, яна прапанавала: — А ведаеце што, давайце спяём! Маю любімую!

Ажыўленне хваляю пракацілася па натоўпе. Нечакана самая галасістая дзяўчына, якая ведала любімую песню панначкі, гучна заспявала:

У цёмным лесе мядзведзь рыкае. Рана-рана мядзведзь рыкае.

Прыпеў песні ахвотна падхапіў увесь вясковы хор. Старыя людзі заўсміхаліся, пазнаўшы знаёмую, вядомую ім яшчэ ад сваіх прадзедаў песню.

Мядзведзь рыкае, дзевак пужае. Рана-рана, дзевак пужае. Пужай-пужай, а я не баюся. Рана-рана, а я не баюся. Толькі баюся асенняй ночкі. Рана-рана, асенняй ночкі. Асенняя ночка — разлука мая. Рана-рана, разлука мая. Разлучыць мяне ад мамкі-таткі. Рана-рана, ад мамкі-таткі. Прылучыць мяне к майму мілому. Рана-рана, к майму мілому.