Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 61

Юрий Аркадьевич Татаринов

Нарэшце Пахомій узняўся з каленяў. Ён пакрочыў да сцяны, на якой вісела царкоўная амуніцыя, зняў з сучка і надзеў на рызу шырокі старэнькі пояс, прашыты залатымі ніткамі. Потым, паказаўшы на сярэдзіну свайго жытла, урачыста сказаў:

— Станьце, дзеці мае, на калені.

Маладыя адразу ж павінаваліся. Шчаслівая ўсмешка ўжо не сыходзіла з іх вуснаў. Яны пераглядваліся, як тыя галубкі.

Пахомій зняў са сцяны абраз, на якім з-за даўнасці можна было разгледзець толькі вочы Ісуса, і выйшаў да маладых. Нарэшце ён сабраўся з думкамі, як гэта было з ім у царкве, калі рабіў доўгую паўзу перад чытаннем малітвы, каб дачакацца поўнай цішыні, потым загаварыў:

— Тваё прызнанне, Ян, я ўжо чуў. Цяпер жадаю паслухаць панначку. Ведаючы яе разважнасць, задам ёй адно пытанне.

— Калі ласка, святы ойча, — адказала, ужо супакоіўшыся, панначка. — Пытайцеся.

— Дзякуй. — Псаломшчык апусціў вочы, падумаў, потым спытаў:— Хто твой ідал, ласкавая? Срэбра ці золата?

— Ідал? — панна Марыя здзівілася пытанню. Але ёй дапамагла яе ўпэўненасць, якая вярнулася да яе. Панначка ўзяла Яна за руку, сказала пераканальна: — Ён перад вамі, святы ойча, вось ён.

Усё роўна як хто пырснуў вадой у вочы старому — галава яго затрэслася, ён ціха заплакаў. У ім ускалыхнулася пачуццё пяшчоты да гэтых дваіх. Ён адвярнуўся, каб схаваць свае слёзы. Потым зменлівым голасам сказаў панне Марыі:

— Хай будзе імя… яго для цябе блаславенна на векі вечныя.

— Амінь, — упэўнена адказала яму панна.

Як толькі Пахомій наблізіўся да іх са сваім абразом, маладыя скіравалі свае позіркі ў вочы старога, якія блішчэлі ад слёз.

— Памятайце галоўнае, — урачыста прамовіў псаломшчык, — не я вас бласлаўляю — а неба. Не мае словы будуць крыніцай цярпення і надзеі для вас на ўсё жыццё — а ваша любоў.

Ён падняў абраз, перахрысціў ёю маладых і пачаў чытаць:

— Пакляніцеся абодва, што як бы там ні было вы будзеце разам ці паасобку, пры добрых ці благіх вестках, у беднасці ці пры багацці, у мірныя дні ці ў дні ганення, у цяжкіх выпрабаваннях, у радасці ці ў горы, вы застанецеся вернымі свайму слову, вернымі адно аднаму, пакуль смерць не возьме вас.

Гэтыя словы, раней не раз чутыя Янам і паннай Марыяй, паказаліся ім цяпер, калі яны былі звернуты непасрэдна да іх, такімі значнымі і ўзвышанымі, што ў абодвух перахапіла дыханне. Ім здалося, што яны адарваліся ад зямлі. У іх грудзях нешта трапятала і прасілася вырвацца радасным крыкам. Заручаныя важнай клятваю, яны адчувалі сябе так, як быццам бы нанава нарадзіліся на Божы свет, чыстымі і шчаслівымі. Пахомій нешта яшчэ сказаў, потым павесіў абраз на месца і, узяўшы са стала тоўсты Псалтыр, вярнуўся. Адшукаўшы патрэбную старонку, ён пачаў чытаць. Маладыя слухалі, і ім здавалася, што стары распавядае пра іх будучае жыццё.

— «Вянчаеш лета благасці Тваёй, і сцязі Твоі істачаюць тук, — чытаў Пахомій, — істачаюць на пустынныя пажыці, і ўзгоркі перапаўняюцца радасцю, лугі запаўняюцца статкамі, і даліны пакрываюцца хлебам, усклікаюць і пяюць…»