Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 60

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Пахомій, дапамажы, — настойваў хлопец, — дапамажы! Ты ж ведаеш нас з дзяцінства. Мы заўсёды былі разам. І былі шчаслівыя. Цяпер жа наша шчасце хочуць разбіць. Нам няма на што спадзявацца, няма каго прасіць. Адзін толькі ты…

Тым часам стары, гледзячы на абраз, працягваў гугнявіць:

— Прызры і на мяне, Госпадзі, і памілуй мяне, бо я адзінокі і прыгнечаны.

Яўнае нежаданне псаломшчыка дапамагчы распаліла ўпартасць юнака. Ён сказаў рашуча:

— Як ты можаш адмовіць у такой нявіннай просьбе! Гасподзь не даруе табе за тваю ўпартасць!

Вусны Пахомія варушыліся — ён паўтараў словы малітвы, але пачуў Яна. Сваім маўчаннем ён проста хацеў выйграць час. Яму неабходна было ўзважыць нечаканую прапанову. Ён ведаў, што адмаўляць маладым цяпер нельга. Нездарма кажуць: на маладых скура гарыць. Ён асцерагаўся, што яго адмова можа наклікаць бяду. Нарэшце, адвёўшы позірк ад абраза, ён утаропіўся на маладых сваімі добрымі вачыма.

— Выслухайце мяне, дзеці,— ён імкнуўся гаварыць спакойна. — Вы забылі менавіта пра тое, што вы рознага веравызнання. Панначка — каталічка, а ты, Ян, — праваслаўны.

Гэта нечаканая перашкода збянтэжыла маладых, яны пераглянуліся.

— Гасподзь — адзін, — паспрабаваў запярэчыць Ян. — І я, і панна Марыя молімся Хрысту.

Аднак Пахомій не звярнуў увагі на яго довад. Ён заўважыў:

— Закон абысці нельга.

— Ты проста баішся, ойча, — сказаў Ян. — Ты думаеш пра сябе.

— На тое чалавеку і страх, каб заставацца чыстым, — адказаў псаломшчык.

— Жадаеш чысціні, а атрымаеш вечнае раскаянне, — глуха адазваўся Ян. — Паслухай, ойча, ты заўсёды быў для мяне як родны бацька. Дапамажы мне!..

— Не маю ўлады, сынок, — лагодна паўтарыў царкоўны служка. — Не маю ўлады.

Сказаўшы гэта, ён адвярнуўся ўбок. Рашэнне яго, здавалася, было канчатковым, хоць і адчувалася, што ён разумее і шкадуе Яна і панначку.

— Значыць, існуе нейкая іншая — папяровая ісціна? — раптам запытаў у яго Ян. — Раней я гэтага не ведаў. Ты не вучыў мяне гэтаму тады! Ты казаў: «Гасподзь стварае, а астатняе — справа рук чалавечых». Бог захацеў, каб мы паядналіся. Ён нашаптаў нам гэтае сваё жаданне. А чалавечыя законы чыняць нам перашкоды! Дзе ж яна, ісціна?!

Юнакоў довад як быццам крыху пахіснуў упартасць старога. Пахомій задумаўся. Ён разважаў як праведнік, а не як суддзя: калі Гасподзь усяліў у душы гэтай пары ўзаемнае каханне, то ён, чарвяк, павінен замацаваць гэты падарунак пячаткаю закона, якая б зямная кара яму за гэта ні пагражала. Упэўненасць у тым, што ён разважае правільна, прыйшла да яго не адразу.

Ян і панна Марыя стаялі моўчкі. Яны амаль што страцілі надзею і ўжо нават павярнуліся да дзвярэй, каб пайсці. У гэты момант псаломшчык раптам апусціўся на калені перад абразом і, як вар'ят, пачаў апантана чытаць вядомую ўсяму хрысціянскаму міру малітву:

— Накіруй мяне на праўду тваю і навучы мяне, бо ты Бог паратунку майго; на цябе спадзяюся кожны дзень… Дзеля імя твайго, Госпадзі, прабач грэх мой, бо вялікі ён… Паглядзі на мяне і пашкадуй мяне, бо я адзінокі і прыгнечаны…

Маладыя застылі, спыніліся каля дзвярэй, нібы зачараваныя, утаропіліся на Пахомія, які маліўся на абразы. Яго словы неслі надзею. І таму іх сэрцы ўзрадаваліся. Ян і панначка пераглянуліся і міжволі ўсміхнуліся адно аднаму. Здаецца, упартасць псаломшчыка паціху знікала. Яны зноў падступіліся да яго.