Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 59

Юрий Аркадьевич Татаринов

Янаў голас надаў ёй сілы.

— Прабач, ойча, за позні візіт, — сказаў Ян. — Нас прывяла да цябе важная справа.

Тое, што Ян так проста зайшоў і загаварыў са старым, якога ў вёсцы лічылі за юродзівага, не было выпадковасцю. Адзінокія лягчэй знаходзяць агульную мову. Лагафет быў адзінокі. Да таго ж, ён быў духоўным настаўнікам Яна. Здаралася, калі ў юнака з'яўляліся пытанні па рэлігіі, ды і не толькі, ён прыходзіў да яго. Відаць, пытанняў было шмат, бо Ян хадзіў да псаломшчыка даволі часта. Пахомій любіў хлопца за яго дапытлівы розум і сарамлівасць. «Ад Бога ісці табе незвычайнаю дарогаю, — аднойчы прадказаў ён яму. — Будзеш ты пазначаны». Выказваўся Пахомій той моваю, якая больш гаварыла пра сутнасць, чым пра дэталі. Свае фразы ён браў са свяшчэнных кніг, некаторыя выказванні ведаў на памяць. Ян разумеў старога і паважаў яго. Ён бачыў у яго словах не толькі адказы, але і нешта большае — бачыў у іх святло. Ён параўноўваў яго з Давідам, над якім здзекваліся ворагі, аднак не зламалі. А яшчэ ён бачыў яго паэтам.

З хвіліну псаломшчык маўчаў: гэта была тая самая паўза, калі ён вяртаўся са свету летуценняў на зямлю.

— З чым прыйшлі, дзеці мае? — нарэшце спытаў ён. — Спадзяюся, намеры вашы чыстыя, як і вы самі.

Ян быў вельмі ўсхваляваны, каб пачынаць з прадмовы. Ён узяў панначку за руку, выйшаў з ёю на сярэдзіну хаты і сказаў:

— Айцец, блаславі нас, мы кахаем адно аднаго.

Здавалася, старога не здзівіла просьба яго выхаванца, — знешне ён не адрэагаваў на яе. Але гэта было не так. І сведчаннем таму з'явілася новая паўза, якая настала за гэтай просьбай.

— Дапамажы, ойча! — узмаліўся Ян. — Заўтра панначку павязуць у замак. Аднаму Богу вядома, калі мы ўбачымся зноў. Можа, ніколі. Дык змацуй нашу ўзаемную прыхільнасць нябеснаю пячаткай. Няхай хоць у думках і малітвах мы будзем разам. Большага мы і не просім.

Стары, быццам камень, які быў знячэўку зрушаны вадою, варухнуўся. І маладым падалося, нібы разам з ім пачало рухацца ўсё, што было ў яго ўбогім жытле: уздрыгнуў агонь, закалыхаліся цені на сцянах, зрушылася печ, пачуўся шорхат моху паміж бярвеннямі… Толькі вочы старога засталіся нерухомыя. Было адчуванне, што яны глядзелі не на гасцей, а кудысьці за іх спіны.

Панна Марыя, здзіўленая нечаканай прапановаю Яна, гатова была кінуцца за дзверы, але яе ногі нібыта прыраслі да падлогі. Праз нейкую хвіліну яна ацаніла Янаву прапанову і нават абрадавалася ёй. З заміраннем сэрца яна чакала чагосьці неверагоднага.

— Ведаю, ведаю, — з нейкай глыбакадумнай упэўненасцю сказаў Пахомій. — Сапраўды, так заўсёды: з пярсцёнка выйшаўшыя мятуцца, а як пашле дух Свой — ствараюцца…

— Блаславі, ойча, — зноў прасіў Ян.

— Не маю ўлады, — адказаў стары. І тут жа, нібы пачуўшы нечы крык, раптам павярнуўся да абраза і стаў хрысціцца: — Госпадзі! Прызры на пакуты дзяцей гэтых і на знямогу іх і прабач іх!

Ян зрабіў крок і страсянуў яго за плечы: