Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 57

Юрий Аркадьевич Татаринов

Ці то ад начной прахалоды, ці то ад хвалявання панна Марыя адчувала, як яе кідае ў дрыжыкі. Баючыся паварушыцца, яна сядзела і прагна прыслухоўвалася да Янавых слоў. У цемры здавалася, што з ёй вельмі шчыра размаўляе сам лёс. Яна разумела, што павінна спыніць Яна, ды не змагла. Ёй было прыемна яго прызнанне.

— Я не магу больш трываць, — нарэшце адазвалася яна. — Калі б я валодала хоць нейкай доляй улады над сабой! У мяне няма ні бацькі, ні маці. Няма з кім нават і параіцца.

— А вы слухайце сама сябе, — адказаў Ян. — Слухайце сваё сэрца. Яно і ёсць галоўны ваш падказчык. У мяне таксама няма бацькоў. І гэта навучыла мяне слухаць самога сябе… Часта я бачу адзін і той жа сон. Быццам плыву я кудысьці адзін на караблі. Не ведаю, ці ёсць наперадзе зямля, але адчуваю, што не памыляюся, і таму не зварочваю з курсу. А іншым разам я бачу жаданы бераг, дзе на ўзгорку стаіце вы ў белай сукенцы. Мне не ўдаецца наблізіцца да таго берага: я змяніў курс — аднак усё без пэўных вынікаў. Я, як тая камета: лячу да Зямлі, ды так да яе і не дакрануся…

З хвіліну яны сядзелі моўчкі, нібы прыслухоўваліся да цішыні. Панну Марыю вельмі ўразіла шчырае Янава прызнанне.

— Пра што гэты сон? — спытала яна. — Няўжо, кахаючы адно аднаго, мы будзем вечна паасобку?

— Ва ўсякім разе — у гэтым жыцці,— упэўнена адказаў хлопец.

Панна Марыя зноў задумалася. У тым, што гаварыў Ян, яна адчувала супярэчлівасць. Выхаваная халопамі і не зведаўшы пагарды да іх, яна прывыкла лічыць сваёй блізкай амаль што кожную жабрачку. І таму яна адчувала сваім сэрцам, што свет недасканалы. Да таго ж яна добра памятала прыклад сваёй маці, дачкі князя, якая выйшла за маламаёмаснага шляхціца. Панна Марыя не разумела, чаму яны з Янам павінны ўтойваць сваё каханне… Яна яшчэ мацней задрыжэла. Ян нарэшце заўважыў гэта, сказаў:

— Вам холадна… — і абняў яе.

Панна Марыя не звярнула на гэта ўвагі — засталася ва ўладзе сваіх разважанняў. Яна ніяк не магла звыкнуцца з думкаю, што з заўтрашняга дня не ўбачыць Яна. Хто, пыталася яна сама ў сябе, будзе граць ёй такую светлую музыку? Хто будзе гаварыць ёй такія высокія словы? Хто выслухае яе крыўды, сумненні, супакоіць і сагрэе яе?.. Будучыня без Яна ўяўлялася халоднай і сумнай. І таму хацелася прыдумаць нешта такое, каб узяць Яна з сабой.

— Як мне хораша з табой! — шчыра прызналася яна. Панна Марыя адчувала Янаву пяшчоту і сілу. Але