Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 47

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Душачка мая, — сказаў ён ёй. — Няма нічога страшнага ў тым, што вы будзеце жыць у замку. Разумею, цяжка пакідаць родны дом і тых, каго ведаеш з пялёнак. Але рана ці позна вам усё роўна давялося б перасяляцца. Падумайце, вы ж едзеце не да чужых. І князь Станіслаў, і княгіня не проста вашы знаёмыя — яны вашы родзічы.

Вам даводзілася быць у замку і вы ўяўляеце, якое там жыццё. Там не так ужо і дрэнна. Ва ўсякім выпадку, пакуль князь дома, сумаваць вам не давядзецца. Абяцаў ён паклапаціцца пра вас і пасля свайго ад'езду. Што тычыцца мяне, то я таксама абяцаю, што зраблю ўсё, каб нішто не азмрочвала ваш мілы тварык.

— Пан Варлампій — не лгун, яму можна верыць, анёл мой, — пацвердзіла нянька.

— Але чаму князь не хоча пачакаць да восені? — спытала панна Марыя.

— Усё вельмі проста, — вырашыў растлумачыць пан Чаляднік. — Восенню ён паедзе ў Варшаву. І вернецца не хутка. Да ад'езду яму хочацца пабыць з вамі.

Панна Марыя прыціхла. Адчуўшы, што надышоў рашаючы момант, нянька заўважыла:

— Ведаю, што цябе хвалюе: табе цяжка развітацца з тымі, да каго ты прывыкла. Што рабіць, мой анёл, табе ўсё роўна давялося б ехаць. Дык ці не лепей гэта зрабіць сягоння. Князь абяцаў тваёй маці, што паклапоціцца пра цябе. Вось ён і выконвае абяцанае, хоча даць табе належную адукацыю. Нарэшце, ён хоча паказаць цябе ў свеце.

Аднак панне Марыі нялёгка было прызвычаіцца да думкі аб пераездзе. Слёзы зноў пацяклі з яе вачэй. Яна моцна абняла няньку.

— Не хачу, не хачу ў замак! Маці Кацярына, скажыце князю! Зрабіце што-небудзь! Мне добра дома! Угаварыце яго! Хачу жыць у Кляцісе! Усё жыццё!

Раптам яна зарыдала, ціха, бязгучна, быццам саромячыся свайго плачу. Гэта безгалосае праяўленне пачуццяў міжвольна ўстрывожыла і няньку, і госця. Пан Чаляднік выняў насоўку і пачаў выціраць нечакана набягаючыя на яго вочы слёзы. Пані Кацярына пагладжвала выхавальніцу па плечыку і ўгаворвала яе. Аднак гэта ўдавалася ёй з цяжкасцю, таму што яна сама была гатова разрыдацца.

— Марысечка, — гаварыла яна, — ну хопіць. Не плач, родная. У жыцці так здараецца: прыходзіць дзень і трэба ад нечага адмаўляцца. Няхай сабе і ад нечага жаданага. Што рабіць, анёл мой. Трэба ісці далей. У цябе ўсё наперадзе. Ты будзеш вучыцца, потым выйдзеш замуж…

Апошняе слова быццам укалола панну Марыю, — яна ўздрыгнула і, адхіснуўшыся ад нянькі, здзіўлена ўсклікнула:

— Замуж?

— А ты як думала, — упэўнена адказала пані Кацярына. — Вядома. А то як жа, такой прыгажуні, такой пяшчотнай і такой ласкавай — ды без сябра. Паглядзіш яшчэ, колькі жаніхоў да цябе зляціцца! Ды якіх! Усе на падбор, прыгажуны! Адзін у адзін, як той есаул, што начаваў у нас у гасцёўні год таму! Памятаеш?

Гэтыя словы прымусілі насцярожыцца пана Чалядніка. Той падазрона паглядзеў на няньку…

— На шаблях будуць з-за цябе біцца, з пісталетаў страляцца, — казала нянька, не заўважаючы позірку прыказчыка. — Толькі загадвай!

Гэткая фантазія як быццам развеяла сумны настрой панны Марыі. Яна ўжо не плакала. Толькі танюсенькая зморшчынка ў яе над пераносіцай гаварыла пра тое, што нейкая сур'ёзная думка ўвесь час непакоіла яе.